У Беларусі амаль удвая скарацілася плошча забруджвання цэзіем-137

20 апреля 2023

За перыяд пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС плошча забруджвання Беларусі цэзіем-137 скарацілася практычна ўдвая. Аб гэтым расказала намеснік начальніка ўпраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі Дзяржатамнагляду Кацярына Шмялёва, паведамляе БЕЛТА.

"Можна канстатаваць, што паступова зніжаецца доза знешняга апраменьвання насельніцтва ў сувязі з распадам цэзію-137, радыяцыйнае становішча паляпшаецца. Аднак яно працягвае заставацца напружаным на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. На яго долю з усіх радыенуклідаў, што выпалі ў Беларусі, прыпала больш як 30 % цэзію-137, 73 % стронцыю і 97 % ізатопаў плутонію", - адзначыла прадстаўнік Дзяржатамнагляду.

Пералік населеных пунктаў і аб'ектаў, што знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання, зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 8 лютага 2021 года № 75. Згодна з дакументам, у зонах радыеактыўнага забруджвання размешчаны 2 022 населеныя пункты. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на 1 студзеня 2023 года ў гэтых зонах пражывала 945,1 тыс. чалавек, у тым ліку 189 тыс. дзяцей.