Амаль дзве тысячы дрэў і кустоў высадзілі ў гэтыя выхадныя ў Мінскай вобласці

12 октября 2020

Акцыя "Дзень азелянення" стала часткай мерапрыемстваў экалагічнай кампаніі "Уладкуем малую радзіму". Прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў разам з азеляніцелямі і валанцёрамі добраўпарадкавалі тэрыторыю на ўчастку перасячэння аўтадарогі Р58 Мінск – Калачы - Мядзел і М14 - другая кальцавая вакол Мінска. Удзельнікі акцыі высадзілі больш за 400 саджанцаў клёну і ясеню.

Да добраўпарадкавання і азелянення свайго раёна ці двара актыўна далучаюцца і самі жыхары Мінска. У выхадныя валанцёры разам з работнікамі "Мінскзелянбуда" азелянілі тэрыторыю на мяжы Ленінскага і Заводскага раёнаў.

Далучыцца да зялёнай ініцыятывы можа любы ахвотнік да 2 лістапада. Заяўку на ўдзел у экалагічнай кампаніі можна падаць па тэлефонах альбо на электронную пошту. Падрабязная інфармацыя - на сайтах Мінскага гарадскога і абласнога камітэтаў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.