Па традыцыі 14 лютага прынята дарыць сваім палавінкам так званыя валянцінкі

14 февраля 2016

Словы кахання сёння будуць гучаць асабліва часта. Дзень святога Валянціна адзначаюць закаханыя па ўсім свеце. Па традыцыі 14 лютага прынята дарыць сваім палавінкам так званыя валянцінкі: паштоўкі, сувеніры або, напрыклад, ласункі ў выглядзе сэрца. З кожным годам падарункі закаханых становяцца ўсё больш незвычайнымі. У гэтым пераканалася Дзіяна Равякова.

"Лаў-сторы" - фотаздымка, якая пачуцці закаханых на доўгія гады адлюструе не толькі ў памяці, але і на паперы. Вынікам пачуццёвай фотасесіі стануць як мінімум 100 здымкаў аб вашым каханні. У Беларусі такі сумесны падарунак будзе каштаваць пары ў сярэднім 2 мільёны рублёў.

Гісторыя кахання Канстанціна і Златы пачалася яшчэ з пачатковых класаў. Зараз пара плануе пажаніцца, а фотасесія на Дзень усіх закаханых стала своеасаблівай рэпетыцыяй вясельнай урачыстасці.

А вось гэтая пара жаніцца пакуль не збіраецца, нягледзячы на тое што намеры ў маладых людзей вельмі сур'ёзныя. У гэты Дзень закаханых свае пачуцці Аляксей і Аляксандра вырашылі назаўжды захаваць на сваіх запясцях у выглядзе парнай татуіроўкі.

Такі падарунак на ўсё жыццё пары абыдзецца прыкладна ў 2 мільёны рублёў.

У Дзень усіх закаханых дарыць валянцінкі прынята як сваім палавінкам, так і дарагім сэрцу людзям. Псіхолагі ж упэўненыя: як 14 лютага, так і ў любы іншы дзень не варта забывацца пра любоў да самога сабе, і рэкамендуюць парадаваць сябе любімага, напрыклад, паходам у СПА-салон або на трэнінг асабістага росту.

Як варыянт трэнінгу для пары - так званая энеаграма. Прафесійны коўч растлумачыць закаханым, што ўсе людзі розныя. Энеаграма апісвае дзевяць тыпаў асобы, азнаёміўшыся з якімі палавінкі змогуць лепш разумець і прымаць саміх сябе і адно аднаго.

Варыянтаў выказаць свае пачуцці незлічонае мноства, і ўсё жа любы з іх стане толькі дадаткам да запаветнай фразы "Я цябе кахаю!"