Паводле прагнозаў сіноптыкаў, надвор'е ў студзені застанецца анамальна цёплым.

10 января 2020
Зіма каляндарная, але не кліматычная. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, надвор'е ў студзені застанецца анамальна цёплым. 

Тэмпература паветра на некалькі градусаў вышэйшая за норму. Як тэмпературныя ваганні ўплываюць на сельскую гаспадарку - даведалася Алена Вітко.

Каляндарная зіма набліжаецца да экватара, а маразоў і снегу на большай частцы Мінскай вобласці так і няма. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, падобнае надвор'е захаваецца і да канца студзеня. Сярэднясутачная тэмпература ў першым месяцы 2020 будзе вышэйшай за кліматычную норму на 3-6 градусаў.

Такая тэндэнцыя склалася яшчэ ў 2019-м. На працягу ўсяго года  (за выключэннем студзеня і ліпеня) назіраліся станоўчыя тэмпературныя анамаліі. Мінулы год стаў самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў. 2020 год таксама амаль «з парога» заявіў, што будзе цёпла. 3-га студзеня быў пабіты рэкорд 28-гадовай даўніны. Паветра прагрэлася амаль да 7 градусаў са знакам плюс.
Нягледзячы на тэмпературныя ваганні, надвор'е не ўяўляе небяспекі для пасеваў. Стан азімых застаецца добрым.
Вялікіх гурбаў чакаць не трэба. Пры гэтым снег, хутчэй за ўсё, будзе. Але пакуль у цэнтральным рэгіёне ападкі пераважна ў выглядзе дажджу. Сёння слупок тэрмометра знаходзіцца ў межах ад 1 да 7 градусаў са знакам плюс. А ноччу тэмпература паветра апусціцца да 1-го. У пачатку наступнага тыдня характар надвор'я істотна не зменіцца. Студзень будзе вільготным, але цёплым.