Пляцоўку ля Палаца спорту зноў пакрыюць лёдам

22 октября 2015

Пасля шасці месяцаў баскетбольных баталій пляцоўку ля Палаца спорту зноў пакрыюць лёдам. Ужо заўтра мабільны каток прыме першых наведвальнікаў. Зараз ідзе апошняя падрыхтоўка лядовай арэны і наладка маразільнага абсталявання. Ян Пашкевіч праверыў на трываласць новы лёд.

Мікалай Торшын за жыццё пабудаваў больш за дзесяць лядовых арэн у Беларусі і Расіі. Сёння дасведчаны спецыяліст на заслужаным адпачынку, але любімай справы не пакінуў. Вось і зараз займаецца падрыхтоўкай мабільнага катка да новага сезона – правярае на трываласць амаль 27 кіламетраў труб сістэмы астуджэння.

Астуджальная сетка складаецца з дзвюх частак – кожная з іх пакрывае больш як тысячу квадратных метраў пляцоўкі. Помпы бесперапынна перамяшчаюць па гэтых магістралях антыфрыз, астуджаны да -10 градусаў. Атрымліваецца міні-ледніковы перыяд нават у +20.

Гэта фабрыка лёду працуе як звычайны халадзільнік – забірае цяпло з антыфрызу і вяртае вадкасць у сістэму. Потым на працягу чатырох дзён поле паэтапна заліваюць вадой - патрэбна амаль 17 тысяч літраў.

Ад вострых канькоў трубы хаваюць пад лёдам таўшчынёй не менш як 4 сантыметры. Паколькі падчас сеанса катання на арэну выходзіць звыш 50 спартсменаў-аматараў, пакрыццё неабходна прыбіраць і рэстаўраваць кожныя 45 хвілін.

У перапынках паміж сеансамі катання на пляцоўцы з’яўляецца вось такая машына – яна прыводзіць лёд у належны стан. Збірае ўсю крошку з поля і адначасова залівае паверхню гарачай вадой - тэмпература не вышэйшая за 70 градусаў.

Такім чынам лядовае люстэрка нязначна растае і праз некалькі хвілін зноў становіцца гладкім і роўным. Адкрыць лядовы сезон на мабільным катку ля Палаца спорту плануюць у пятніцу – 23 кастрычніка. Аматары зімовай забавы змогуць атрымліваць асалоду ад хуткага катання кожны дзень з 11 раніцы да 11 вечара.