Пешаходны рух на пагранпераходах з Еўрасаюзам спыніўся

1 октября 2014

З гэтага дня ў пунктах пропуску на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй спыняецца пешаходны рух. На такую непапулярную меру памежнікі пайшлі, каб знізіць аўтамабільныя чэргі. За гэты час службы нашай краіны створаць усю неабходную інфраструктуру для пешаходаў, якія раней выказвалі мноства нараканняў у дачыненні сэрвісу на пагранпераходах.


Як зменяцца пункты пропуску і што рабіць тым, каму ўсё ж не церпіцца трапіць у Еўрасаюз пешкам. Наш карэспандэнт Уладзімір Каралёў задаў гэтыя пытанні на мяжы.


Амаль усе пункты пропуску на мяжы з Еўрасаюзам не прыстасаваныя для пешага пераходу. Асноўная прычына - інфраструктура. Вадзіцелі павінны праходзіць мытнае афармленне па адным калідоры - пешаходы па іншай тэрыторыі, аддзеленай плотам, дзе будуць створаны свае зоны надгляду і наладжана відэаназіранне. Гэтых элементарных мер бяспекі зараз не хапае на большасці пагранпераходаў.


Аляксандр Колабаў, памочнік начальніка Смаргонскай пагрангрупы: Абумоўлена, па-першае, адсутнасцю неабходнай інфраструктуры для бяспечнага перасячэння грамадзян дзяржаўнай мяжы. Па-другое, павелічэннем колькасці асоб, якія жадаюць перасекчы дзяржаўную мяжу з мэтай наведвання магазінаў бязмытнага гандлю.


Ужо ў першы аўтамабільны дзень вялікіх чэргаў тут не назіралася. Але пік пешаходных маршрутаў заўсёды прыпадаў на выхадныя - менавіта тады ў адрас мытнікаў і памежнікаў паступала больш за ўсё нараканняў.


Аляксандр Цішчанка, начальнік прэс-службы Дзяржпагранкамітэта Беларусі: І тыя, і іншыя мелі прэтэнзіі з пункту гледжання абслугоўвання на мяжы. Афармлення. Таму што і аўтааматары скардзяцца на пешаходаў, якія без чаргі афармляюцца, а пешаходы на тое, што ім прыходзіцца перасоўвацца сярод машын.


Нягледзячы на рэвалюцыйныя змены для пешаходаў, правілы перасячэння дзяржаўнай мяжы для вадзіцеляў засталіся тымі ж. У сваю чаргу памежнікі заяўляюць, што гэта знізіць час афармлення на пунктах пропуску.


Польшча ўслед за Беларуссю прыпыняе пешаходны рух на мяжы дзвюх краін, аб гэтым паведамляе памежслужба Падляскага ваяводства.


Паводле звестак беларускіх памежнікаў, з пачатку гэтага года ў пешым парадку мяжу з Польшчай, Літвой і Латвіяй перасеклі больш за два мільёны чалавек. І гэта не ўлічваючы аўтамабіляў, для якіх пагранпераход і прызначаны. З 12 пунктаў пропуску ў Каменным Логу прад'явіў пашпарт кожны чацвёрты пешаход.


Аляксандр Колабаў, памочнік начальніка Смаргонскай пагрангрупы: За 9 месяцаў 2014 года толькі ў пагранпераходзе Каменны Лог перасекла мяжу 562 тысячы чалавек. Што ў 5 разоў больш у параўнанні з мінулым годам. Аднаўленне руху пешаходаў плануецца пасля правядзення ўсіх мерапрыемстваў па ўладкаванні пунктаў пропуску для бяспечнага перасячэння дзяржаўнай мяжы.


Пэўныя тэрміны, калі зноў адновіцца пешаходны рух, пакуль не вядомыя. Зрэшты, на галоўнае пытанне, як усё ж перасекчы заставу, памежнікі рэкамендуюць скарыстацца турыстычнымі аўтобусамі або падсаджвацца да тых, хто перасякае мяжу на аўтамабілях.