Першы званок сёння прагучаў для вучняў сталічных школ і гімназій

31 августа 2016

У Мінску прайшлі святочныя лінейкі. Усяго за парты сёлета сядуць больш за 170 тысяч навучэнцаў. Асабліва радасны гэты дзень для першакласнікаў. Самыя яскравыя эмоцыі на святочных лінейках - у рэпартажы нашых карэспандэнтаў. 

Учарашнія дашкольнікі сёння выглядаюць не па гадах сур'ёзна: строгія касцюмы, кветкі і засяроджаны позірк. Менавіта ў гэты дзень яны мяняюць статус. І хоць дзяцінства на гэтым зусім не заканчваецца, паход у першы клас - гэта крок у дарослае жыццё.

Не менш доўгачаканае свята ў гэты дзень і для настаўнікаў. Менавіта для іх сёння кветкі і шчырыя словы падзякі. З іх дапамогай кожны з гэтых дзяцей можа стаць тым, кім марыць.

Не менш хвалююцца і радуюцца ў гэты дзень і вучні пятых класаў. Пачатковая школа засталася ў мінулым, наперадзе новы этап. Больш дарослы і самастойны.

Сёння адразу пасля лінеек вучні і іх новыя настаўнікі яшчэ паспеюць пазнаёміцца, вырашыць усе арганізацыйныя пытанні. Каб заўтра з новымі сіламі ўзяцца за матэматыку, правапісанне і іншыя ўрокі.

Першы званок - ён жа і апошні. На працягу адзінаццаці гадоў гэтыя гукі заклікалі сённяшніх выпускнікоў за парты. Хаця самі школьнікі яшчэ да канца і не вераць, што літаральна праз 300 дзён яны набудуць новы статус - абітурыент.

Толькі ў 37 гімназіі сёлета за парты сядуць 1300 вучняў. Для чатырох дзясяткаў гэты год выпускны. Паводле слоў Ганны Койпіш, 10 гадоў праляцелі як адно імгненне. Наперадзе напружаныя вучэбныя дні і выпускныя экзамены. Гімназістка яшчэ дакладна не ведае, у якую ВНУ будзе паступаць. Аднак упэўнена, што галоўнае - старанна вучыцца.

Не менш за адзінаццацікласнікаў хвалююцца і класныя кіраўнікі. У Алены Вернікоўскай гэта ўжо пяты выпуск. Настаўніца прызнаецца, за гэты час яе клас стаў сапраўднай сям'ёй.

Ледзь слёзы радасці стрымліваюць і бацькі адзінаццацікласнікаў. Гавораць, яшчэ учора іх дзеці хаваліся за букетамі кветак, а сёння перад іх вачыма - дарослыя і самастойныя жыхары сталіцы.

І сёння ж 37 гімназія адзначае маленькі 5-гадовы юбілей. Да новага школьнага сезона тут аднавіўся не толькі будынак, але і тэхнічная база. У класах - новае інтэрактыўнае абсталяванне і электронныя сродкі навучання.

Наперадзе навучальны старт - першая чвэрць. Заўтра хтосьці з нязвыклым хваляваннем, бо першы клас, а хтосьці мэтанакіравана і адказна, бо год перад паступленнем, сядуць за парты. І для кожнага з іх пачнецца новы, ужо дарослы этап жыцця.