Першы ўраджай у мільён цюльпанаў сабралі ў Оршы

13 февраля 2015

Новы для раёна бізнес не толькі вырашыў пытанні з працаўладкаваннем, але і паставіў пад сумненне ў прынцыпе неабходнасць завозіць кветкі з-за мяжы.

Пра тое, як беларускія цюльпаны выцясняюць з кветкавага рынку галандскіх канкурэнтаў, рэпартаж Андрэя Ястрабава. Калісьці пустка на ўскраіне горада ўсяго за год ператварылася ў кветкавы аазіс. Месца, на думку бізнесменаў і раённых улад, выгаднае. У Оршы сходзяцца чыгуначныя пуці шматлікіх краін. Аптымальная лагістыка.

У снежні высадзілі расаду. І да першых вясновых свят першы ўраджай - мільён цюльпанаў. Каб адсартаваць іх і паспець сабраць у букеты, давялося павялічваць штат работнікаў.

Сезоннасць, вядома, уплывае. Але толькі на асартымент, пераконваюць на прадпрыемстве. Закончацца святы, пачнецца дачны сезон. Бізнес-план развіцця кветкаводства прадугледзеў і гэты варыянт.

У перспектыве вырошчванне руж. Ужо ў красавіку пад іх вытворчасць здадуць новыя цяпліцы.

Усё больш з кожным годам у такіх цяпліцах беларускага - металічны каркас, шкло і нават клімат-кантроль.

Не за гарамі, упэўнены кветкаводы, калі пасадачны матэрыял будзем вырабляць самі. Дапамога ад беларускіх навукоўцаў-селекцыянераў была б дарэчы.