Аграрыі Мінскай вобласці адзначаюць раённыя "Дажынкі"

31 августа 2020
Аграрыі Мінскай вобласці завяршылі ўборку збожжавых. Агульны каравай сёлета самы вялікі ў краіне - амаль 2 мільёны тон. Па традыцыі кульмінацыя жніва ў кожным раёне - "Дажынкі". І аднымі з першых фестываль працаўнікоў вёскі правялі ў Крупках і Клецку. 

Дарэчы, у аграрыяў Клецкага раёна адзін з самых вялікіх намалотаў збожжавых у вобласці - 94 тысячы тон. І заслужаныя ўзнагароды атрымалі гаспадаркі-лідары. Увесь каларыт і водар свята ў рэпартажы Аляксея Кандраценкі.

Народная творчасць, па якой адразу зразумела: жніво завершана, святкуем “Дажынкі”! Такія саламяныя кампазіцыі сёння можна сустрэць у кожным раёне Мінскай вобласці. У Клецкім, напрыклад, свой каларыт. 

Народныя майстры і іх творчасць у падворках, дзе ёсць што паказаць. Духмяны хлеб, прыгатаваны ад усёй душы. Самыя крэатыўныя саламяныя снапы ад кожнага сельгаспрадпрыемства. І,  вядома ж, толькі хіты  ад папулярных мясцовых артыстаў. 

Атмасфера, у якой праходзяць “Дажынкі” ў Клецкім раёне, заўсёды непаўторная,  расказваюць Сяргей Янучок і Віктар Жукоўскі. Экіпаж камбайнераў у тандэме адпрацаваў ужо 18-ую ўборачную. Агульны намалот  лепшы не толькі ў гаспадарцы "Кухчыцы", а ва ўсёй Мінскай вобласці - 4 700 тон збожжа. 

Кожная з сельгасарганізацый Клецкага раёна паказала добрыя вынікі. За агульны каравай (а гэта 94 тысячы тон збожжа) аграрыі і атрымалі заслужаныя ўзнагароды. 

Дарэчы, у тым ліку дзякуючы трактарам і камбайнам, а таксама мінеральным угнаенням дасягаюцца вялікія вынікі. Калійшчыкі з Салігорска прыехалі ў Клецкі раён з асаблівым падарункам для яго жыхароў - новай машынай хуткай медыцынскай дапамогі. 

Наперадзе ў аграрыяў  новы палявы марафон. Верасень і кастрычнік - час уборкі такіх значных для аграпрамысловага комплексу культур, як цукровыя буракі і кукуруза.