Першыя заводы Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі пачалі вытворчасць камбікармоў

2 августа 2021

Значная частка сабранага ўраджаю паступае на перапрацоўку на камбінаты хлебапрадуктаў у Барысаў, Слуцк, Мар'іну Горку. Дарэчы, у Пухавіцкім раёне пачалі працаваць і першыя заводы Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. 


Найноўшы комплекс прадпрыемстваў будзе вырабляць незаменныя амінакіслоты - яны патрэбны для  павелічэння выніковасці мяса-малочнай вытворчасці. Аб вялікім эфекце ад маленькага зерня - Аляксей Кандраценка.


У свой дэбютны сезон новыя 30-тонныя збожжавозы адпрацоўваюць лагістыку і прывыкаюць да інтэнсіўнага тэмпу. Пакуль фірменныя самазвалы Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі прывозяць збожжа ў Пухавіцкі раён з Магілёўскай вобласці. У перспектыве ўсе рэгіёны Беларусі забяспечаць сыравінай заводы БНБК. Збожжа спатрэбіцца вельмі шмат! 


Літаральна каласальны аб'ём вытворчасці БНБК можна адчуць побач са збожжасховішчам. Тут можа адначасова захоўвацца 450 тысяч тон збожжа. Гэта своеасаблівы рэкорд усёй краіны! 


Узважыць, узяць пробы на вільготнасць і пустазелле. На ўсё - пяць хвілін. Задача экспрэс-лабараторыі - пераканацца ў якасці збожжа перад тым, як яно адправіцца на перапрацоўку. 


Частку збожжа перапрацоўваюць у камбікорм - іх у карпарацыі больш як 30 відаў. Пад кожную заяўку можа быць свой рэцэпт. Асаблівы попыт на прадукцыю для рыбаводных гаспадарак - як мясцовых, так і замежных. 


На ўсіх вытворчасцях БНБК працуюць больш за паўтысячы чалавек. Для іх - найноўшае лабараторнае абсталяванне. Сваю прадукцыю вырабляе і мукамольная вытворчасць. Тут патрэбна пшаніца - гэта першы цыкл глыбокай перапрацоўкі збожжа на вялікім біятэхналагічным шляху. 


Сам жа выпуск незаменных амінакіслот пачнецца гэтай восенню. 


Усяго толькі ў структуры біятэхналагічнай вытворчасці да канца года на поўную магутнасць выйдуць 14 аб'ектаў карпарацыі. Да гэтага моманту у БНБК з'явяцца і яшчэ паўтысячы новых рабочых месцаў.