Першая партыя школьных аўтобусаў ад МАЗа

28 августа 2013
Сёння Мінскі аўтамабільны завод перадаў 60 машын Банку развіцця. І вось яшчэ адзін момант, які робіць саму ідэю з аўтобусамі асаблівай. Кіраваць такой тэхнікай будуць толькі жанчыны.

Расказвае Якаў Бута.

Вырашыць важную сацыяльную праблему па недахопе школьных аўтобусаў у сёлах Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў пачатку красавіка заклікаў бізнес. Адразу адгукнуўся Банк развіцця. І сёння яго старшыня праўлення Сяргей Румас ужо праехаў на першым аўтобусе.

У адкрытым тэндары на вытворчасць аўтобусаў прымалі ўдзел чатыры кампаніі. Самае складанае патрабаванне - паспець да новага навучальнага года. МАЗ справіўся. Пры тым, без страты якасці.

Віктар Асноўскі, генеральны дырэктар ААТ МАЗ: У горадзе Каломне на выставе ён заняў першае месца. Сёлета. І атрымаў званне - Лепшы аўтобус года. Менавіта гэты аўтобус.

У новых школьных аўтобусах МАЗ 22 месцы. Усе абавязкова абсталяваныя рамянямі бяспекі. Зверху - спецыяльныя паліцы для партфеляў і руказакоў. Яны зроблены са зваротным ухілам, каб сумкі ні ў якім разе не ўпалі ў салон. Аўтобусы дазволяць бязбольна скарачаць малакамплектныя школы. Значыць, памяншаць расходы з бюджэту і павялічваць магчымасці самарэалізацыі сельскіх школьнікаў.

На гэтым тыдні 60 аўтобусаў раз'едуцца па ўсёй краіне, па 10 у кожную вобласць.
Першыя аўтобусы прыехалі літаральна пару гадзін таму ў Магілёўскую вобласць. Аксана Чвірава - адзіная, хто гнала аўтобус з Мінска самастойна. Яна - прафесійны вадзіцель - працавала інструктарам. У яе вёсцы Палыкавічы дзіцячы сад, куды прыязджаюць дашкольнікі з чатырох суседніх населеных пунктаў. Зараз праблема з падвозам дзяцей вырашаная.

На закупку першай партыі аўтобусаў банк выдзеліў 32 мільярды рублёў з інвестарскай дапамогі. У наступным годзе суму павялічаць. Усяго ў бліжэйшыя пяць гадоў кампанія плануе купіць больш як 300 аўтобусаў. Праект дазволіць цалкам вырашыць праблему з транспартам для сельскіх дзяцей.