Пераўвасобіцца ў рыцараў, машыністаў, вадзіцеляў сёння змаглі самыя дапытлівыя дзеці

1 июня 2017

Многія сталічныя прадпрыемствы адчынілі свае дзверы для школьнікаў, тым самым падарылі ім незабыўныя ўражанні ў першы дзень канікул. Дзіцячы дзень вачамі дарослых у Антаніны Станкевіч.

Маленькі Антон да гэтага дня ніколі не трымаў сапраўдны меч у руках. Аднак пад кіраўніцтвам сэра Франсуа ў хлопчыка нядрэнна атрымліваецца і абараняцца, і нападаць. Вядома, дарослы рыцар крыху паддаецца. Аднак чаго не зробіш, каб дзеці не толькі ў гэты дзень усміхаліся.

Вясёлае свята для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага прытулку Фрунзенскага раёна сталіцы арганізаваў галоўны рыцар Мінска, а па сумяшчальніцтве дэпутат Міхаіл Мілаванаў. Для дзяцей нават прывезлі… коней. Скакуны з задавальненнем пакаталі самых маленькіх мінчан. Да таго ж дзеці паўдзельнічалі ў майстар-класах розных эпох.

Сёння віншуюць дзяцей і ў Цэнтральным рэгіёне. Без увагі не засталіся і сем'і-перасяленцы, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Салодкія прысмакі і падарункі, а пасля канцэрт. Віншаваць самых маленькіх такім чынам - добрая традыцыя, якую падтрымліваюць не толькі беларусы.

На першы погляд можна ўявіць, што сярэдні ўзрост работнікаў гэтага прадпрыемства - 10-12 гадоў. Аднак, насамрэч такім чынам тут некалькі гадоў запар святкуюць галоўны дзіцячы дзень. Сыноў і дачок работнікаў машынабудаўнічага холдынга запрашаюць на дзень адчыненых дзвярэй. Спачатку хлопчыкаў і дзяўчынак здзіўляюць вытанчанымі трукамі, якія робяць магутныя машыны.

А потым для ўсіх майстар-класы прама на рабочых месцах бацькоў. Хтосьці асвойвае асновы маркетынгу і лагістыкі, а хтосьці знаёміцца з работай канвеера.

Сёння ўся ўвага самым маленькім. Аднак дарослыя падкрэсліваюць: варта рабіць усё гэта кожны дзень, а не толькі ў першы летні.