Пенсіі без затрымак, а дадатковыя назапашванні ў добраахвотным парадку

13 апреля 2016

Актуальнае пенсіённае пытанне сёння пракаменціравала беларусам Міністэрства працы і сацабароны і растлумачыла нюансы ўказу, які нядаўна быў падпісаны Кіраўніком дзяржавы.

Больш за ўсё цікавасць выклікалі дакладныя тэрміны выхаду на пенсію для розных катэгорый грамадзян, а таксама магчымасці развіцця назапашвальнай пенсіённай сістэмы. Размова прайшла ў анлайн-фармаце: адрасаваць сваё пытанне мог любы інтэрнэт-карыстальнік. За анлайн-гутаркай сачыла і Вольга Анішчанка.

Вэб-старонкі арганізатараў анлайн-размовы на тэму галоўных пенсіённых навацый хутка напаўняюцца зместам. Адказы публікуюць на шэсць рук: упраўленне пенсіённага забеспячэння Мінпрацы амаль у поўным складзе.

За паўтары гадзіны - не адзін дзясятак пытанняў. Гавораць, лічбы для такога фармату не рэкордныя, але блізкія да таго. Большую актыўнасць назіралі толькі аднойчы - пасля ўвядзення падатку для дармаедаў. Зрэшты, павышаную цікавасць чыноўнікі тлумачаць проста: пенсіённая рэформа кране кожнага.

Сярод самых папулярных пытанняў - дакладная дата выхаду на заслужаны адпачынак. Бо калі 2017, да прыкладу, і ёсць для вас год выхаду на пенсію, дакладны графік будзе залежаць ад даты нараджэння. Першая палова года - значыць, паспееце дасягнуць пенсіённага ўзросту ўжо ў наступным годзе. Тыя ж, хто нарадзіўся ў другой палове, змогуць рэалізаваць сваё права толькі ў 2018, фактычна на год пазней. Каб не заблытацца, Мінпрацы нават разлічыла ўсе тэрміны, вывесіла табліцы на сваім сайце.

Валерый Кавалькоў, намеснік міністра працы і сацабароны Беларусі: "Тут тлумачэнне толькі адно: павышэнне пенсіённага ўзросту прывязана ўсё ж да каляндарнага года, а не да даты нараджэння. Таму, сапраўды, аднагодкі, якія нарадзіліся ў адным годзе, выйдуць на пенсію з розніцай на паўгода, а то і на год".

Эксперты тлумачылі, і як прызначаць пенсіі за расійскі стаж, і ці чакаць перагляду ўзросту для прызначэння даплат людзям старэйшых узростаў. Гаварылі пра назапашвальную сістэму, падкрэсліваючы яе добраахвотны характар. Нагадвалі і пра дадатковыя пенсіённыя правы: формулы разлікаў для тых, хто працуе і гатовы адмовіцца ад пенсіі, каб пасля яе памеры сталі большымі, пакінулі без змен.

Ларыса Яшкова, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсіённага забеспячэння Міністэрства працы і сацабароны: "Чалавек можа, аформіўшы пенсію, адмовіцца ад яе атрымання і тым самым сабе фарміраваць больш працяглы стаж працы, які потым будзе ўлічвацца для вылічэння пенсій. А таксама дадаткова ў яго будзе фарміравацца прэмія за перыяд працы без атрымання пенсіі. Такая магчымасць захоўваецца".

Усё, пра што гаварылі, у пытаннях і адказах ужо ў Інтэрнэце! Інтэрактыўны праект рэалізаваны адразу на дзвюх вэб-пляцоўках - сайтах Мінпрацы і сацабароны і Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Анлайн-размова без купюр - у адкрытым доступе.