Педагогі вобласці ў Івянцы сёння дзеляцца вопытам

18 октября 2016

Сямейнае выхаванне праз рамесніцтва, патрыятызм і духоўнасць. Мінскі абласны семінар сёння сабраў педагогаў, псіхолагаў, святароў і кіраўнікоў сямейных клубаў, каб абмеркаваць новыя праекты і падзяліцца вопытам працы з падлеткамі, маладымі бацькамі і шматдзетнымі сем'ямі.

Івянец стаў першым прыпынкам. Аляксандра Драгун трапіла на семінар. Драўляныя дуды, птушачкі-свістулькі з гліны. Раней бацькі майстравалі для дзяцей першыя цацкі. З цеплынёй бацькоўскіх рук Уладзіміру Сасноўскаму і яго брату перадалося рамяство ганчара. Зараз справу, якая аб'яднала некалькі пакаленняў, адзін працягвае на заводзе, іншы – у Івянецкім музеі.

Увогуле ў філіялах музея традыцыйнай культуры - кузні, ткацкай майстэрні – працуюць дынастыі народных умельцаў. Таму Івянец стаў першым прыпынкам для ўдзельнікаў семінара, прысвечанага выхаванню сям'і, дзяцей і моладзі.

Зараз у Мінскай вобласці больш за тры сотні сямейных клубаў – у тым ліку для маладых татаў, шматдзетных і прыёмных бацькоў. У іх педагогі, псіхолагі і ўрачы рэалізоўваюць праекты па гендарным выхаванні і прафілактыцы сямейнага недабрабыту, працуюць з дзецьмі, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Абласны семінар на дзень аб'яднаў кіраўнікоў сямейных клубаў, спецыялістаў, якія працуюць з падлеткамі і шматдзетнымі бацькамі, каб пераняць вопыт. Сёння разглядаюць сямейнае выхаванне праз тры аспекты: рамесніцтва, патрыятызм і духоўнасць.

Нядзельная школа, рэкалекцыі для моладзі і бацькоў… Па духоўную апеку і на сумесную малітву ў парафію Святога Міхаіла Архангела прыходзяць тры з паловай тысячы вернікаў. Тут абагачаюць духоўна, дапамагаюць развіваць свае спартыўныя і музычныя здольнасці. Пры прыходзе існуюць інструментальныя гурты, пляцоўкі для заняткаў валейболам і баскетболам, міні-заапарк і сваё кафэ.

Летась ля касцёла адкрылі фітнес-парк. З дзясятак трэнажораў, якія добра пераносяць беларускае надвор'е, на розныя групы мышц. Можна займацца як улетку, так і ўзімку. Яны бяспечныя, таму падыходзяць для аздараўлення дзяцей.

Далей пераймаць вопыт сямейнага і дзіцячага выхавання ўдзельнікі семінара адправіліся ў Маладзечанскі раён. Сёння наведаюць праваслаўныя прыходы, школу, палац культуры і мемарыяльны комплекс.