Пячатку XIII стагоддзя прэзентавалі на падвор'і Свята-Елісееўскага мужчынскага манастыра

2 ноября 2015

Пячатку XIII стагоддзя, знойдзеную пры археалагічных раскопках у Лаўрышаве, прэзентавалі на падвор'і Свята-Елісееўскага мужчынскага манастыра – у населеным пункце, дзе і быў знойдзены артэфакт. Некалькі месяцаў прадмет знаходзіўся на атрыбуцыі (вывучэнні ў гісторыкаў, спецыялістаў па старажытных надпісах) і зараз быў паказаны грамадскасці. Вынік навуковых даследаванняў у рэпартажы Алены Борматавай.

Старажытную пячатку прэзентавалі разам з дзясяткамі гучных знаходак, якія археолагі адкапалі на месцы першапачатковага знаходжання Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра. Доўгі час гэтае месца было невядома. Толькі некалькі гадоў таму ўдалося вызначыць і дакладна абазначыць месца духоўнага цэнтра.

Гэта першая такая знаходка на Беларусі. Безумоўна, пячаткі знаходзілі і раней, але ў рукі археолагаў звычайна трапляў адбітак на метале – па-сутнасці, сама пячатка. Матрыца трапілася ўпершыню. Гэта такі старажытны пламбатар для атрымання пячаткі.

Спачатку думалі, што гэта звычайны брусок для гаспадарчых мэтаў. Матэрыял артэфакта – шэравата-ружовы сланец, камень, які здабываўся толькі да сярэдзіны XIII стагоддзя. Пасля дэталёвага вывучэння ўдалося разгледзець небагатае аздабленне матрыцы і галоўнае – расшыфраваць надпіс.

Раскопкі ў Лаўрышаве вядуцца з 2011 года. Агульная плошча даследаванай тэрыторыі – 150 квадратных метраў. Глыбіня – каля трох. Пячатка знойдзена ў ніжнім слоі. Навуковыя даследаванні выявілі і гістарычны кантэкст, да якога належыць пячатка. Гэта ранні перыяд Вялікага Княства Літоўскага – час Войшалка, сына Міндоўга.

За пяць гадоў раскопак знойдзены тысячы прадметаў, даціроўку якіх гісторыкі і археолагі вызначаюць з XIII па XVIII стагоддзі - час, калі менавіта тут знаходзіўся мужчынскі Лаўрышаўскі манастыр. Дакладнае месца духоўнага цэнтра пацвярджае і той факт, што з некалькіх тысяч артэфактаў няма ніводнай жаночай рэчы.

Прэзентацыя археалагічных знаходак у Лаўрышаве - гэта яшчэ і перадача артэфактаў на пастаяннае захоўванне створанаму археалагічнаму музею Лаўрышаўскага манастыра.