Парк высокіх тэхналогій наведаў прафесар Масачусецкага ўніверсітэта

16 мая 2018

Рашэнні, якія робяць вучобу больш цікавай і эфектыўнай. Сёння Парк высокіх тэхналогій наведаў прафесар Масачусецкага ўніверсітэта, стваральнік навучальнай мовы праграмавання Scratch і распрацоўшчык робатаў Lego Мітчэл Рэзнік.

У бізнес-інкубатары адбылася дыскусія аб новых падыходах у адукацыі ў малодшых і сярэдніх класах паміж настаўнікамі інфарматыкі з розных рэгіёнаў Беларусі і адным з самых творчых людзей свету паводле версіі аўтарытэтных бізнес-выданняў. Мітчэл Рэзнік стварыў Scratch, каб зрабіць праграмаванне простым і інтуітыўна зразумелым у першую чаргу для дзяцей. На гэтым тыдні прафесар наведаў і школу ў Оршы, дзе пазнаёміўся з навучальным працэсам, убачыў, як школьнікі ствараюць уласныя IT-праекты. Навуковец, які ў Беларусі ўпершыню, застаўся пад уражаннем ад таго, як крэатыўна выкарыстоўваецца Scratch у нашай краіне.

Мітчэл Рэзнік, прафесар Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, стваральнік мовы Scratch, ЗША:

"Вельмі крэатыўныя праекты прапануюць дзеці. Гэта і разумныя кантактныя лінзы з будучыні, і гульнявыя лабірынты, і рашэнні, як лёгка падцягнуць матэматыку. Выдатна, што Парк высокіх тэхналогій, EPAM задумваюцца аб тым, што трэба развіваць будучае пакаленне. Гэтыя дзеці ў будучыні абавязкова папоўняць рады супрацоўнікаў найбуйнейшых IT-кампаній. Мне вельмі падабаецца ініцыятыва ПВТ - праграмаванне як другая пісьменнасць. Нашы погляды сыходзяцца, а значыць, магчыма, будуць і сумесныя праекты".

Людміла Раждзественская, адукацыйны тэхнолаг і трэнер па навучанні настаўнікаў, Эстонія:

"Scratch - гэта новы інструмент развіцця дзіцяці. Прыкладна такі ж, як рукапісны ліст або вывучэнне нейкага школьнага прадмета. Возьмем матэматыку. Усё, што вы хочаце развіць з дапамогай Scratch, можна зрабіць праз праект. І тут вельмі змяняецца роля настаўніка".

Праект па вывучэнні Scratch стартаваў у Беларусі ў 2016. Пачалі з падрыхтоўкі настаўнікаў, а год таму праект апрабавалі на дзецях. Сёння новую мову праграмавання вывучаюць 6 тысяч школьнікаў, выкладаць яе пачынаюць з 2 класа.