Аздараўленчы комплекс "Лясны" ў савецкія гады карыстаўся вялікім попытам

23 марта 2015

Адзін з самых элітных 20 гадоў таму, а цяпер забыты і паўразбураны. Недалёка ад Брэста аздараўленчы комплекс "Лясны" калісьці карыстаўся асаблівым попытам сярод работнікаў сяла і быў адзіным у сваім родзе ў Савецкім Саюзе. Мінуў час, і ад былой славы амаль нічога не засталося. Хіба што ўспаміны працаўнікоў.

Што прывяло да такога стану, высвятляла Вікторыя Патоня.

У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя на гэтым месцы ў вёсцы Пелішча адкрыўся міжкалгасны санаторый спецыяльна для працаўнікоў сяла. І такі ён быў адзіны ва ўсім Савецкім Саюзе. У навучальны камбінат прыязджалі падвучыцца, а заадно мелі магчымасць паправіць здароўе ў санаторыі.

Ніна Свідуновіч у той час працавала тут загадчыкам гаспадаркі. Памятае і якасць працэдур, і добрую матэрыяльную базу. Гэты апарат мясцовыя майстры зрабілі самі: своеасаблівая кедровая бочка, толькі з інгаляцыяй. Але сёння мясцовыя жыхары, якія тут і працавалі, і адпачывалі, пра комплекс успамінаюць з сумам.

Ніна Свідуновіч, былы загадчык гаспадаркі санаторыя-прафілакторыя "Лясны": "Прыязджалі многія з Баранавіч, Слуцка, дзесьці і далей. Усе былі задаволеныя. Па-першае, тут былі памосты, прыязджалі інваліды на калясках, маглі атрымаць свае працэдуры, паслугі".

"Лясны" быў разлічаны на 50 чалавек. Па тых часах меў добра абсталяваныя кабінеты: рабілі зубапратэзаванне, можна было запісацца на прыём нават да мануальнага тэрапеўта.

Санаторый працаваў круглы год, і заўсёды быў запатрабаваны. На першым паверсе галоўнага корпуса праводзіліся водныя працэдуры. Ужо тады тут былі чэшскія ванны з гідрамасажам, далёка не кожная здраўніца магла сабе гэта дазволіць, таксама душ Шарко, басейн. Але сёння ад мінулай велічы не засталося і следу. Хутчэй, тут пануюць развал і разруха.

Іван Гамзюк сёння загадвае ўчастковай Пелішанскай бальніцай, ён жа быў галоўным урачом санаторыя. Гаворыць: балюча глядзець, як разбураецца комплекс, у які ён уклаў нямала сіл. І ўсё ж сёе-тое з абсталявання выратаваць удалося.

Адзіны будынак санаторыя-прафілакторыя, які па сённяшні дзень выкарыстоўваюць, - гэта сталовая. З вясны па восень тут гатуюць абеды для механізатараў. Кіраўнік прадпрыемства таксама выдатна разумее: карпусы трухлеюць і прыходзяць у непрыдатнасць, але зрабіць нічога не можа. Усё ўпіраецца ў фінансы. Гаворыць: у 90-я гаспадаркі перажывалі цяжкасці, грошы не паступалі, тады ўсё і заглухла. Сёння дапамог бы інвестар. Але колькі іх тут было, усе адзначалі - нявыгадна.

Мікалай Брынчук, дырэктар ААТ "Агра-Пелішча": "Я быў гатовы аддаць яго бясплатна. Але калі яго абследавалі, прыйшлі да высновы, што трэба ўкласці яшчэ столькі сродкаў, што можна пабудаваць новую бальніцу. Усе гэтыя будынкі, пакоі, працэдурныя кабінеты ўжо не адпавядаюць па санітарных нормах сённяшнім патрабаванням".

Вучэбна-вытворчы камбінат па-ранейшаму працуе. Старшакласнікі атрымліваюць тут прафесіі швачкі, трактарыста, вадзіцеля. Зацікавілася банкетнай залай і прадпрымальнік з Брэста, заключыла дагавор арэнды на два гады. Праўда, трэба зрабіць рамонт, памяняць праводку. У Камянецкім райвыканкаме дапамагаць у вырашэнні пытання не спяшаюцца. Гавораць: прыватная ўласнасць. Пры гэтым упэўненыя: былую славу санаторый не верне. Вельмі вялікая канкурэнцыя і вельмі шмат часу ўпушчана, каб яго рэанімаваць. Але Мікалай Брынчук не страчвае надзеі, што ўсё-такі камусьці ў "Лясны" атрымаецца ўдыхнуць другое жыццё.