Адрамантаваць нельга знесці

26 сентября 2014

Дзевяць месяцаў таму на карце пасёлка Акцябрскі Віцебскага раёна перастаў існаваць трохпавярховы дом. Яго дэманціравалі. Узведзены ў 70-х гадах мінулага стагоддзя будынак стаў развальвацца напалову. Спецыялісты канстатавалі: канструкцыі выпрацавалі свой рэсурс і рамонту не падлягаюць. Гаспадароў кватэр адсялілі ў інтэрнат. На месцы ранейшага дома абяцалі пабудаваць новы. Але там дагэтуль пустка. Дах над галавой разам з ужо былымі ўласнікамі кватэр шукала Вольга Маслоўская.


Інвалід вайны Віктар Цуранаў цяжка перажывае страту жылля. Яго прыватызаваная трохпакаёвая кватэра ў пасёлку Акцябрскі сярод іншых пайшла пад знос. Дом прызналі аварыйным. Па рашэнні спецыялістаў дом знеслі. Даху над галавой пазбавіліся тры сям'і. На прапанову перабрацца ў іншыя населеныя пункты раёна людзі адказалі адмовай. Вырашылі ў інтэрнаце перачакаць, пакуль іх дом будзе пабудаваны зноў, бо ім так абяцалі.


З тых часоў прайшло дзевяць месяцаў. На месцы разбуранай трохпавярхоўкі пустка. За гэты час планы ўладаў змяніліся. Будаваць новы дом аказалася дорага.


Паркоўка, дарогі, камунікацыі - сёння да новабудоўляў закон прад'яўляе высокія патрабаванні. Дом на тры кватэры каштаваў бы раённаму бюджэту 13 мільярдаў рублёў. Улады запэўнілі, што ўжо ў маі-чэрвені будучага года жыхары злашчаснага дома атрымаюць ключы ад кватэр у адной з віцебскіх новабудоўляў. І, спасылаючыся на 563-і ўказ Прэзідэнта, паведамілі, што гэта будзе ўжо не іх прыватнае, а арэнднае жыллё.


Дома ў Акцябрскім не стала задоўга да 1 красавіка - рашэнне наконт яго зносу прынялі напрыканцы 2013-га. А значыць пад дзеянне ўказа гэты выпадак не трапляе. Прыйсці да відавочнага заключэння мясцовыя ўлады змаглі толькі зараз. І тое пасля зносінаў у тым ліку і з нашай здымачнай групай.


Павел Шыкшнян, намеснік старшыні Віцебскага райвыканкама: Рэкамендацыі з'явіліся ў верасні, іх нам накіравала Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Рэкамендавана рабіць так, як прадпісвае Жыллёвы кодэкс. І ўладальнікі прыватызаваных кватэр дома па Кастрычніцкай, 40 атрымаюць жыллё ў Віцебску ва ўласнасць.


Таццяна Любімава (яе кватэра была на першым паверсе злашчаснага дома) спяшацца адклікаць іскавую заяву. У суд яна звярнулася ў надзеі атрымаць грашовую кампенсацыю за прыватызаваную кватэру. Навіну пра тое, што яе сям'я мае права прэтэндаваць на атрыманне не арэндных, а ўласных квадратаў, мы паведамілі яшчэ да выхаду сюжэту ў эфір.