Пад пагрозай знікнення чарамша

6 апреля 2019

Добраўпарадкаванне роднай краіны і навядзенне парадку на зямлі - гэта не разавая акцыя, а ўсведамленне таго, што менавіта ў нашых сілах захаваць і зрабіць яшчэ лепш дом, у якім мы жывём. Беражліва ставіцца да таго, што дае нам прырода. Так, пад пагрозай знікнення  расліна цыбуля мядзведжая ці вядомая ў народзе чарамша. Збор і продаж гэтай расліны  пад забаронай, яна занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Вось толькі многіх гэта не спыняе. А чарамшу можна вырасціць на ўласным агародзе ці набываць у фермераў. Як атрымаць карысць ад духмянага інгрэдыенту і не нашкодзіць навакольнаму асяроддзю, даведвалася Святлана Чарнова.

Тое, што дзікі часнок прыносіць карысць здароўю, факт бясспрэчны, вось толькі аб абароне прыроды, зрываючы першацветы на продаж, часта забываюць. Як і аб тым, што расліна ёсць на старонках Чырвонай кнігі Беларусі. Так што з адкрыццём сезона чарамшы (а гэта традыцыйна пачатак красавіка) усе гурманы, знаўцы вытанчанага інгрэдыенту становяцца звычайнымі правапарушальнікамі.

За злачынствам - пакаранне. Усім, хто ўнікальную расліну беларускай прыроды ацаніў у прамым сэнсе ў адзін рубель, прыйдзецца расстацца з сумай, якая ў некалькі  разоў перавышае прыбытак ад продажу аднаго духмянага пучка.

Віталь Каранчук, кансультант аддзела Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "Ад 20 да 50 базавых велічынь. Акрамя таго, калі чалавека зловяць з доказамі злачынства, то ён яшчэ будзе вымушаны кампенсаваць урон, нанесены прыродзе. Гэта значыць да штрафу адміністрацыйнага яшчэ дадасца сума за расліну".

Па словах спецыялістаў, шкода, на жаль, незваротная: страціўшы маладое лісце, цыбуліна пазбаўляецца сілкавання і магчымасці ўзысці ў наступным сезоне.

Чарамша, як аказалася,  расліна даволі капрызная і выдатна адчувае сябе толькі ў вільготных, зацемненых шырокалісцевых хваёвых лясах. Але нават нягледзячы на гэтыя няпростыя патрабаванні расліну можна вырасціць  і на ўласным агародзе.

Трэба толькі набыць насенне, знайсці зацемнены ўчастак і не забываць увільгатняць глебу - дзеліцца вопытам Алеся Кручонак, куратар калекцый рэдкіх і знікаючых раслін Батанічнага саду. І дадае:  саджаць неабходна глыбокай восенню, каб насенне прайшло апрацоўку холадам.

Дарэчы, не выключана што ўраджай чарамшы - няхай і невялікі, затое свой - можна сабраць, калі вырошчваць яе, напрыклад, на падаконніку. Над гэтым эксперыментам спецыялісты Батанічнага саду плануюць папрацаваць у найбліжэйшы час. У  такім разе шанцы  таго, што дзікі часнок можна будзе ўбачыць не толькі на старонках Чырвонай кнігі, значна вырастуць.