АСВОД узмацніў патруляванне вадаёмаў у Мінскай вобласці

1 марта 2017

У цэлым пачатак месяца абяцае быць вельмі цёплым і будзе адпавядаць кліматычнай норме красавіка. Снег інтэнсіўна растае. Адліга стварае небяспечныя ўмовы для аматараў зімовай рыбалкі. АСВОД узмацніў патруляванне вадаёмаў у Мінскай вобласці. Ратавальнікі рэкамендуюць устрымацца ад выхаду на лёд.

Пётр Траццякоў, начальнік выратавальнай станцыі «Заслаўе-2»: "Трэба зважаць на пацямненне лёду, на яго стан, каб не разыходзіліся расколіны. Калі з раніцы лёд можа марозам прыхапіць з берагу, то да вечара з такой тэмпературай можна і не выйсці на бераг. З сабою абавязкова мець сродкі выратавання. Вяроўку, кіпцюры прадаюцца. Падобныя да адвёрткі завостранай. Каб нават калі правалішся, можна было выбрацца".

Самыя небяспечныя месцы пазначаюць спецыяльнымі знакамі. А на аб'ектах побач з берагам можна знайсці тэлефоны ратавальнікаў, каб у выпадку надзвычайнай сітуацыі выклікаць дапамогу. Супрацоўнікі АСВОД увесь час адпрацоўваюць выратавальныя прыёмы, а раз на год – перад сходам лёду - здаюць прафесійныя экзамены.

Уладзімір Дарошка, начальнік вадалазна-выратавальнай службы Мінскай гарадской арганізацыі АСВОД: "Вадалазы зараз практыкуюцца ў тым, як вадалаз паводзіць сябе пад вадой. Як яны рэагуюць на сігналы. Як ён можа знаходзіцца ў нестандартнай сітуацыі, пад лёдам. Абмежаваная прастора, абмежаваная бачнасць. А трэба яшчэ прарабіць нейкую працу".

Узмоцнены і маніторынг паводкавай сітуацыі. Рост узроўню вады ў рэках, паводле прагнозаў, захаваецца і надалей.