Асаблівая ўвага на выбарах была нададзена безбар'ернаму асяроддзю

11 сентября 2016

Асаблівая ўвага на парламенцкіх выбарах у Беларусі, улічваючы еўрапейскі вопыт, была нададзена безбар'ернаму асяроддзю. Інтэграцыя ў палітычнае жыццё - размова ідзе не толькі пра пандусы на выбарчых участках, але таксама пра магчымасць галасавання дома. Спецыяльныя трафарэты для бюлетэняў для людзей са слабым зрокам паступілі на кожны выбарчы ўчастак. Колькі людзей скарысталіся такой магчымасцю, ды і ў цэлым, як праходзілі выбары ва ўсходнім рэгіёне краіны, ведае Андрэй Ястрабаў.

Аляксандр Масяйкоў - чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Барселоне, бацька чацвярых дзяцей сёння з сынам Іванам сярод першых на выбарчым участку. Гаворыць, не зрабіць свайго выбару не мог. Калісьці ў 1992 годзе за яго хварэла ўся краіна, зараз ён у літаральным сэнсе аддаў доўг. Галасаваў за таго, хто будзе па-сапраўднаму адстойваць інтарэсы выбаршчыкаў.

767 выбарчых участкаў працавалі па ўсёй Магілёўскай вобласці. Рэгіён па актыўнасці літаральна дыхаў у спіну лідарам. А яшчэ, як ніколі раней, высокая альтэрнатыўнасць.

Валерый Берастаў, старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання: "Значна вялікую палітычную актыўнасць праявілі палітычныя партыі пры вылучэнні сваіх прадстаўнікоў на кандыдацкую пасаду. Калі на мінулых выбарах іх было 27, то сёння - 48. Актыўнасць выбаршчыкаў у дзень асноўнага галасавання на 7% вышэй, чым было на парламенцкіх выбарах 2012 года".

Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі створана безбар'ернае асяроддзе. Дзякуючы чаму правам прагаласаваць скарысталіся 2,5 тысячы выбаршчыкаў Магілёўскай вобласці.

Каб працэс галасавання зрабіць прасцейшым, людзям са слабым зрокам прапаноўвалі вось такое павелічальнае шкло, і вось такі трафарэт. У які заставалася толькі ўставіць звычайны бюлетэнь і ў спецыяльна прарэзаных акенцах паставіць галачку.

Дарэчы, сігналаў аб сур'ёзных парушэннях Выбарчага кодэкса не зарэгістравана. Ды і самі выбаршчыкі былі настроены даволі аптымістычна. І ахвотна дзяліліся сваімі чаканнямі.

68 кандыдатаў змагаліся ў гэтую выбарчую кампанію за 13 месцаў у парламенце ад Магілёўскай вобласці. Каго выбраў народ, стане вядома ўжо зусім хутка.