Алімпіяда па фінансавай граматнасці

21 ноября 2017

Якія бываюць уклады і што такое электронныя грошы? Адказваюць удзельнікі алімпіяды па фінансавай граматнасці.

Вось ужо чацвёрты год запар пры падтрымцы Нацыянальнага банка школьнікі з усёй краіны прымаюць удзел у адмысловым конкурсе.

З пераможцам абласнога этапу пазнаёмілася Наталля Кузьміцкая.

Інфармацыя аб укладах зусім нялішняя для школьнікаў. Ужо ў 14 гадоў падлетак можа скарыстацца гэтым банкаўскім інструментам. Цікавіцца фінансавымі пытаннямі Аляксандр Траян пачаў два гады таму, калі вырашыў удзельнічаць у адмысловай алімпіядзе. Сёння ў гэтых пытаннях кансультуе не толькі аднакласнікаў, нават бацькоў.

Фінансавыя задачкі Саша зараз рашае на раз-два. Беспамылкова адкажа, што адлюстравана на банкноце ў 10 рублёў і разлічыць прыбытковасць укладу. Тэставыя заданні па фінансавай граматнасці юнак выканаў на 96% і заняў першае месца на абласным этапе алімпіяды.

З ініцыятывы Нацыянальнага банка з 2013 года ў краіне праводзіцца алімпіяда па фінансавай граматнасці. За гэты час толькі ў Мінскай вобласці ў ёй паўдзельнічалі, а галоўнае, атрымалі неабходныя веды больш за 4 000 школьнікаў.

Да таго ж сёння ў многіх установах адукацыі навучэнцамі створаны бізнес-кампаніі, у якіх падлеткі атрымліваюць асновы прадпрымальніцтва, эканомікі і эканоміі не толькі ў тэорыі, але і на практыцы.

Заключны этап алімпіяды адбудзецца 15 снежня тут, у Нацбанку.