Алег Навіцкі падзяліўся сваімі чаканнямі ад Касмічнага кангрэса

4 сентября 2018

Знакамітых касманаўтаў з усяго свету чакаюць на гэтым тыдні ў Мінску для ўдзелу ў Касмічным кангрэсе. Сярод іх - і выхадцы Беларусі: Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Алег Навіцкі. У інтэрв'ю нашаму тэлеканалу Алег Навіцкі падзяліўся сваімі чаканнямі ад сустрэчы на радзіме.

31-ы Касмічны кангрэс можа стаць стартавай пляцоўкай для будучага ўдзелу Беларусі ў міжнародных праектах. Пра новыя магчымасці перад форумам, які адкрыецца 10 верасня, сёння распавёў акадэмік Сяргей Кілін. Нашы навукоўцы зацікаўленыя ў сумеснай працы ў некалькіх кірунках: гэта развіццё дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі для патрэб сельскай гаспадаркі, кадастравых агенцтваў, для адсочвання прыродных катаклізмаў, і праекты, звязаныя з размяшчэннем касмічных апаратаў на нізкіх калязямных арбітах, і магчымасць пілатуемых палётаў за іх межы.

Форум збярэ каля сотні астранаўтаў з усяго свету. Сярод удзельнікаў - касманаўты Скот Келі з ЗША і Міхаіл Карніенка з Расіі. Яны вывучалі магчымасці і рэакцыю чалавечага арганізма на працяглае знаходжанне ў космасе. Іх сумесная місія працягвалася амаль год.