Каля 400 слухачоў Інстытута дзяржаўнай службы атрымалі дыпломы аб заканчэнні ВНУ

24 мая 2013

Выпуск адбыўся па васьмі спецыяльнасцях.


На  цырымоніі пабывала Паліна Іванча. Для гэтых выпускнікоў - гэта як мінімум другі дыплом. Большасць слухачоў Інстытута дзяржаўнай службы ўжо працуюць ва ўласных кабінетах у міністэрствах і ведамствах, кіруюць буйнымі прадпрыемствамі або грамадскімі аб'яднаннямі. Іх без перабольшання можна назваць кіраўніцкай элітай краіны. Каб апынуцца ў гэтай зале, ім прыйшлося амаль на 2 гады змяніць крэсла кіраўніка на студэнцкую лаву. Сёння доўгачаканыя дыпломы атрымалі 394 выпускнікі. Усяго за 13 гадоў працы Інстытут дзяржаўнай службы скончылі амаль 10 тысяч беларускіх кіраўнікоў. І гэта толькі факультэт перападрыхтоўкі. Тут на васьмі спецыяльнасцях слухачы асвойваюць мясцовае і дзяржаўнае кіраванне, эканоміку, ідэалогію і міжнародныя адносіны, вучацца кіраваць інфармацыйнымі рэсурсамі.
Класічныя лекцыі ў Інстытуце дзяржслужбы таксама ёсць, але гэта лічаныя гадзіны.  Асноўны ўпор у навучальным працэсе на так званыя інавацыйныя метады - відэаканферэнцыі, праектаванне канкрэтных сітуацый і дзелавыя гульні. І практычна кожны год тут адкрываюцца новыя спецыяльнасці, гэты выпуск не выключэнне.  На тых жа спецыяльнасцях, якія ў інстытуце ўжо называюць традыцыйнымі, практычна кожны год абнаўляюцца праграмы навучання. Гэта, гавораць, патрабаванне зменлівага сучаснага свету. А кіраўнікі, жартуюць тут, нават затрымлівацца, не тое, што  спазняцца,  проста не маюць права.