Чарговыя пераразлікі пенсій плануецца правесці 1 жніўня і 1 лістапада

31 мая 2017

Чарговыя пераразлікі мінімальных і сацыяльных пенсій у Беларусі плануецца правесці 1 жніўня і 1 лістапада.

Сёння гэта заявіў віцэ-прэм'ер Васіль Жарко на сумесным пасяджэнні дзвюх палат парламента. Урад адказваў на пытанні дэпутатаў і сенатараў. Галоўная задача - не дапусціць зніжэння ўзроўню дабрабыту людзей. Таму суадносіны памеру сярэдняй пенсіі па ўзросце да сярэдняй зарплаты на ўзроўні не менш чым 40% будуць захоўвацца. У Авальнай зале закранулі і тэму рэфармавання сярэдняй школы. Віцэ-прэм'ер запэўніў, што рацыянальны механізм змянення яе рэжыму працы будзе выпрацаваны ў найбліжэйшы час. Пры гэтым ён падкрэсліў, што з'яўляецца прыхільнікам пачатку заняткаў а 9-й гадзіне раніцы. А бацькі свой графік працы павінны ўзгадняць з наймальнікам.

Васіль Жарко, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Будзе вызначаны працэнт школ, якія будуць працаваць з 8:30, таму што ёсць другая змена. Павінен быць перапынак паміж зменамі і каб заняткі не заканчваліся позна вечарам, а каб дзіця прыйшло ў 19:00-19:30 дамоў. А частка школ, якая зараз працуе ў кругласутачным рэжыме (спартыўныя школы, кадэцкія, сувораўскія), будзе з 8:00, у іх свой рэжым працы. Таму бацькі і наймальнікі павінны вызначацца".

Да 2020 года ў Беларусі будзе вырашана праблема крокавай даступнасці дзіцячых садоў. Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 14 новых дашкольных устаноў на больш за дзве з паловай тысячы месцаў.