Сусветны дзень людзей з сіндромам Даўна

21 марта 2018

Гэтыя асаблівыя дзеці адрозніваюцца ўсяго адной храмасомай. Сёння Сусветны дзень людзей з сіндромам Даўна. Пачуць такі дыягназ і не апусціць рук - гэта проста вялізная сіла волі, неверагодная і бязмежная любоў і, вядома, бясконцае цярпенне. Пра тых, хто не прагнуўся пад жыццё, а зрабіў крок яму насустрач, рэпартаж Ніны Мажэйкі.

Плаўныя, упэўненыя рухі пэндзлем, шырокія мазкі. Пакідае працу толькі для таго, каб змяшаць фарбы ў палітры. Піша і правай, і левай. Нібыта вяслуе. Сінь акварэлі для яго - спосаб выйсці ў "адкрытае мора": рэальнае жыццё. Дзянісу 9. І ў яго сіндром Даўна. Гэта значыць, што ў хлопчыка 47 храмасом замест 46.

Але гэтыя мамы даказалі, што іх дзеці будуць жыць і развівацца нармальна. Кар'еру, вядома, абедзвюм давялося адкласці. Курсы рэабілітацыі, заняткі з лагапедам-дэфектолагам. І моцнае цярпенне. Такіх асаблівых дзяцей нельга прыспешваць. Першы крок і першае слова яны робяць пазней, затое ўсвядомлена. Хоць у выпадку з Таняй Сівянковай адставанні па графіку былі нязначныя. Села ў 8 месяцаў, пайшла ў год і два. Дзяўчынка ў прынцыпе мала чым адрозніваецца ад аднагодкаў. І сёння ёй амаль не патрэбна дапамога мамы.

Таня і Дзяніс разам хадзілі ў адзін сад у інклюзіўную групу, затым школа, першы клас, год - за два. Але сядзець за партай для гэтых па-сапраўднаму асаблівых дзяцей было б занадта банальна.

Сёння яны артысты-пачаткоўцы. За плячамі некалькі ролікаў для тэлебачання, фотасесіі і здымкі ў кіно ў сапраўднага рэжысёра.

Акцёрскае майстэрства, харэаграфія, сцэнічная мова і дыкцыя. У мінскай кінашколе ракрываюць экранныя вобразы дзяцей з сіндромам Даўна. Асаблівая ўвага міміцы, гэта іх слабы бок. Нягледзячы на статус "сонечных", на справе вельмі характарныя. Яшчэ адзін стэрэатып ламаем.

Трапіць на вялікі экран - часта нязбытная мара нават для звычайных людзей. І такіх гісторый мноства. Штодня людзі з сіндром Даўна разбураюць звыклыя шаблоны пра сябе і свае здольнасці. Ім прыходзіцца змагацца не толькі з сабою, але і з грамадскай думкай.

Для тых, хто не ў тэме. У свеце жыве і паспяхова існуе вялізная колькасць дзяцей, падлеткаў і дарослых з храмасомным пераборам. І яны могуць быць паспяховыя - даказалі на справе. Напрыклад:

1. Аўстралійская мадэль Мэдэлін Сцюарт. У 2016 дзяўчына стала зоркай Нью-Ёркскага тыдня моды. А яшчэ ў яе 179 тысяч падпісчыкаў у папулярнай сацсетцы.

2. Іспанец Пабла Пінеда. Першы ў Еўропе чалавек з сіндромам Даўна скончыў універсітэт і стаў выкладчыкам. Зняўся ў кіно. Атрымаў "Сярэбраную ракавіну" кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне за лепшую мужчынскую ролю ў фільме "Я таксама".

3. Зорка Youtube - музыкант і кампазітар Рональд Джэнкінс. З 2006 года ён піша электронную музыку і выкладвае ў Сетку. Яго ролікі хутка набіраюць папулярнасць. Зараз Рональд працуе над чарговым студыйным альбомам.

Працоўнай кніжкай абзавёўся і Васіль Паўлікаў. 22-гадовы юнак працуе ў прэстыжным гатэлі Мінска. Штодня ён прыязджае на сваё рабочае месца на аўтобусе. Выпрасаваная белая кашуля, камізэлька і бейдж - уніформа, якая робіць яго часткай каманды.

Праца патрабуе педантычнасці і дакладнага выканання інструкцый. Вася працуе чатыры дні на тыдзень па дзве гадзіны. Месячны ганарар адкладвае на вяселле. Рыхтуецца зрабіць прапанову.

"Рэнесанс" - першая гасцініца ў Беларусі, якая прыняла на працу людзей з сіндром Даўна. Сёння рызыку ўжо можна назваць апраўданай, бо колькасць такіх супрацоўнікаў толькі павялічваецца.

Для гэтых людзей дыягназ стаў праверкай на трываласць. Іспытам на моц сямейнай сувязі. Бо своечасова падстаўленае плячо - важкі аргумент сказаць рашучае “так” жыццю без абмежаванняў.