Аб праблемах занятасці сёння гаварылі ў Гомелі

29 января 2018

У вобласці там 2 вакансіі на аднаго беспрацоўнага.

Расказвае Вольга Халадовіч.

Больш за ўсё вакансій у сферы сельскай гаспадаркі, будаўнічай галіне і ахове здароўя. Дарэчы, летась у рэгіёне працаўладкавалі больш за 30 000 чалавек.

У топе самых запатрабаваных спецыяльнасцяў Гомельскага раёна - вадзіцелі, ветэрынарныя ўрачы, тынкоўшчыкі. Для тых, хто хоча знайсці працу, службы занятасці прапаноўваюць кірмашы вакансій альбо прайсці перанавучанне.

Аляксандр Ключынскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама:  

"Плануем, што да 500 чалавек будзе аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні, больш за 500 будзе ў нас у грамадскіх работах, вось толькі сёння ў межах 90, а да канца месяца 100 чалавек пойдуць па 4 групы на вучобу, 11 атрымаюць субсідыю".

Алена Кузюкова сваю працоўную дзейнасць вырашыла пачаць з навучання. Шматдзетная мама пасля курсаў атрымала прафесію маляра-тынкоўшчыка, працу - на адным з гомельскіх прадпрыемстваў. А яшчэ і магчымасць рэалізаваць сябе не толькі як жонка і мама.

Дэпутаты, прадстаўнікі сацыяльнай і камунальнай службаў і грамадскіх арганізацый. З уваходжаннем у сілу дэкрэта нумар 1 пытаннямі занятасці насельніцтва будуць займацца спецыяльныя камісіі. А праца мясцовых улад стане ацэнкай эфектыўнасці дзейнасці па працаўладкаванні. А да тых, хто патрапіў у няпростую жыццёвую сітуацыю, тут будзе індывідуальны падыход.

Пётр Шуцько, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама: 

"Будуць вызначацца рэгіёны з напружанай сітуацыяй на рынку працы, і вось у гэтых рэгіёнах у мясцовых улад будзе законная магчымасць прыцягваць бюджэтныя сродкі для рашэння пытанняў занятасці. У тым ліку і прыцягненне інвестараў для стварэння новых рабочых месцаў, новых прадпрыемстваў, ну, і іншых пытанняў".

Дарэчы, усе наяўныя вакансіі ў рэжыме рэальнага часу можна знайсці ў банку даных, наймальнікі выкладваюць усю інфармацыю ў вольны доступ. Тым, хто хоча адкрыць уласную справу, дзяржава падае субсідыі. Самыя папулярныя віды дзейнасці ў бізнесменаў-пачаткоўцаў - гэта рамесніцтва, сфера паслуг і аўтаперавозкі.