Аб гатоўнасці Беларусі да чэмпіянату свету па хакеі гаварылі сёння

18 марта 2014

Аб гатоўнасці Беларусі да чэмпіянату свету па хакеі гаварылі сёння на пасяджэнні Савета Міністраў. Прэм'ер-міністр нагадаў, што да найважнейшай спартыўнай падзеі застаецца паўтара месяца і запатрабаваў ад усіх працы канструктыўнай і ініцыятыўнай. Паводле інфармацыі дакладчыкаў, краіна да чэмпіянату гатовая.


Анатоль Тозік, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: Беларусь і Мінск гатовыя да правядзення чэмпіянату свету па хакеі. Гатовыя дзве цудоўныя арэны, рэканструяваны і падрыхтаваны да здачы ў эксплуатацыю будынак Нацыянальнага аэрапорта, створаны камфортныя ўмовы для пражывання ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату. Таксама прыняты меры для належнага медыцынскага, інфармацыйнага, турыстычнага, транспартнага і культурнага забеспячэння ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату. Гатовыя да аказання неабходнага аб'ёму паслуг прадпрыемствы грамадскага харчавання і вытворцы сувенірнай прадукцыі.


Мэр горада праінфармаваў аб будаўніцтве гасцініц, арганізацыі працы транспарту і прадпрыемстваў грамадскага харчавання на перыяд чэмпіянату. Паводле слоў Мікалая Ладуцькі, усе запланаваныя аб'екты будуць уведзены ў строй своечасова. Да чэмпіянату свету ў сталіцы з'явіцца 9 тысяч 600 месцаў для пражывання балельшчыкаў. Для гасцей, якія прыехалі на асабістым транспарце, будуць прапанаваны аўтамабільныя стаянкі, колькасць якіх, як запэўніў мэр, значна ўзрасце.