Новы хрысціянскі сацыяльны цэнтр асвячоны ў беларускай сталіцы

2 июня 2018

Добрая місія дзеля духоўнага ўзбагачэння, выхавання і адукацыі. Новы хрысціянскі сацыяльны цэнтр асвячоны ў беларускай сталіцы. Раней на гэтым месцы па вуліцы Серафімовіча была школа, затым будынак доўгі час пуставаў, і вось нарэшце пасля доўгай рэканструкцыі тут зноў загучаць дзіцячыя галасы. Урачыстую службу з нагоды адкрыцця першай і адзінай такой установы ў Мінску узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Новы цэнтр змогуць наведваць дзеці розных канфесій. На трох паверхах адукацыйныя класы, творчыя майстэрні, у тым ліку для наведвальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі. Цэнтр узведзены пад патранатам сясцёр-уршулянак, а яго духоўная апякунка - святая Уршуля Ледухоўская, якая ў свой час і пачала справу выхавання дзяцей і моладзі.

Благаславенне ад Папы Рымскага ўсім ўдзельнікам урачыстасці і выхаванцам новага хрысціянскага сацыяльнага цэнтра перадаў пасол Ватыкана ў Беларусі. Габар Пінтэр таксама асвяціў класы для заняткаў, якія пачнуцца тут з верасня.