Новы дзіцячы сад з'явіцца ў Нясвіжы. Сёння заклалі "Капсулы часу"

31 января 2020
Нясвіжскаму раёну 80! Святкаванне юбілею пачалося сёння з закладкі "Капсулы часу" пад будаўніцтва дзіцячага садка ў райцэнтры.

Разлічаны ён на 12 груп, а гэта 230 месцаў. У трохпавярховым будынку будзе басейн, медыцынскі блок, гімнастычная і музычная залы з усім неабходным абсталяваннем. На тэрыторыі садка размесцяцца дзве фізкультурныя пляцоўкі, а таксама зона для вывучэння правіл бяспекі.

Будаўніцтва плануецца завяршыць да новага навучальнага года. Сёння ж у закладзенай пад будаўніцтва капсуле пакінулі сімвалічны мэседж нашчадкам. Пасланне плануюць адкрыць ў 2040 годзе, калі раён будзе святкаваць стогадовы юбілей.

Сёння ж эстафету ўрачыстых мерапрыемстваў пераняў раённы цэнтр культуры. Са сцэны - словы віншаванняў і падзякі за ўклад у развіццё малой радзімы. Узнагародамі адзначаны найбольш актыўныя жыхары - папоўніўся і спіс ганаровых грамадзян горада Нясвіжа.

Падчас святочнага канцэрта прадэманстраваны фільм пра гісторыю нясвіжскай зямлі. Стварылі яго спецыяльна да юбілею.