Новы дзіцячы сад адкрыўся ў мікрараёне Брылевічы ў Мінску

3 ноября 2023

Першыя падарункі да 7 Лістапада для самых маленькіх мінчан. Новы дзіцячы сад пад назвай "Васілёк" з'явіўся сёння ў сталічным мікрараёне Брылевічы.

У сучасным гарадку дзяцінства 3 паверхі. Тут будуць выхоўваць і развіваць 230 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта 12 груп, у тым ліку 2 для інтэграванага навучання. Таксама створаны пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі і безбар'ерная прастора для дзетак з асаблівасцямі развіцця. Для шчаслівага дзяцінства прадуманы пакоі творчасці, музычная зала са сцэнай, спарткомплекс з трэнажорамі і басейн.

 З наступнага тыдня ў новым дзіцячым садку пачнецца паступовая адаптацыя самых маленькіх выхаванцаў - двухгадовых дзяцей. Затым да заняткаў далучацца старэйшыя групы. Гэта ўжо шостая ўстанова для развіцця дашкалят у мікрараёне Брылевічы.