Новыя тэхналогіі на тыдні абмяркоўвалі на TIBO

14 апреля 2019

Новыя тэхналогіі на тыдні абмяркоўвалі на TIBO - штогадовым форуме інфармацыйна-камунікацыйных дасягненняў, які аб'ядноўвае, дарэчы, не толькі беларусаў. З адмысловай увагай за TIBO сачылі і мы - тэлевізійшчыкі, тым больш - была падстава. 

У рамках інавацыйнага тыдня традыцыйна праводзіцца інтэрнэт-прэмія, дзе выбіраюць лепшыя сеткавыя выданні. Так, у намінацыі "Лепшы інфармацыйны рэсурс" першае месца дасталася сайту Белтэлерадыёкампаніі tvr.by. Другое - у сайта міжнароднага спадарожнікавага канала "Беларусь 24". Яшчэ раз віншуем калегаў! 

Ключавой падзеяй  па традыцыі стала выстава. Найноўшыя распрацоўкі да нас прывезлі больш за сотню кампаній з 16 краін. Гэта вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання, распрацоўшчыкі і пастаўшчыкі самых тэхналагічных рашэнняў, інтэлектуальных сэрвісаў. 

TIBO - гэта прыклад таго, што лічбавая эканоміка зараз прыярытэт у развіцці кожнай галіны. Характэрна, што дзяржсектар у засваенні тэхналогій імкнецца не адстаць ад прыватнага канкурэнта - ідзе праца па развіцці электроннага ўрада і сістэмы падавання дзяржаўных электронных паслуг грамадзянам і бізнесу. Толькі за мінулы год у рэйтынгу ААН па ўзроўні развіцця электроннага ўрада Беларусь паднялася адразу на 11 пунктаў і сёння займае 38 месца.

Цэнтрам выставы стала экспазыцыя Мінсувязі і іншых рэспубліканскіх органаў кіравання. Для дэманстрацыі адабралі скончаныя лічбавыя рашэнні. Таксама на форуме можна было больш даведацца аб электрамабілях, сістэмах разумнага горада і разумнага дома, навінах у ахове здароўя і адукацыі, пратэставаць працу 5G-інтэрнэта высокай хуткасці.

Канстанцін Шульган, міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі: "Асноўная такая думка і асноўны пасыл выставы ў тым, каб паказаць не толькі распрацоўшчыкам, не толькі карыстальнікам, але і тым людзям, якія прымаюць рашэнні на ўкараненне гэтых тэхналогій, што вось яно ёсць. Гэтага не трэба баяцца, гэта можна ўжываць і ўжываць у розных галінах".

Упершыню тут прадставілі гледачам і чалавекападобнага робата беларускай вытворчасці. Распрацоўшчыкі - супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук. Вось так, паступова, падабаецца нам гэта або не, новыя тэхналогіі з кожным днём становяцца для нас усё больш важнымі і запатрабаванымі. Здаецца, гэты палёт думкі чалавека ўжо не спыніць.