Міжнародную эстафету, прысвечаную 75-й гадавіне Перамогі, сустрэлі на Кургане Дружбы

18 февраля 2020
Міжнародную эстафету, прысвечаную 75-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, сустрэлі на Кургане Дружбы. Мемарыял знаходзіцца на стыку трох дзяржаў: Беларусі, Расіі і Латвіі. Гэта фінальны пункт у маршруце па беларускай зямлі. У мінулым - каля чатырох тысяч кіламетраў. Сімвал эстафеты - памежны слуп - перадалі расійскім пагранічнікам. Заўтра яго даставяць у Маскву. А адтуль вялікае падарожжа працягнецца.

Ігар Печань, намеснік старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі: "Сёння кожны ўдзельнік эстафеты пацвярджае, што ёсць неабходнасць гістарычную памяць аб пагранічніках, аб воінах Чырвонай арміі, аб партызанах, аб падпольшчыках захаваць. І яна з'яўляецца асновай той ідэі, якая нас усіх аб'ядноўвае".

Мемарыял "Курган Дружбы" захоўвае памяць аб сумесным подзвігу ў барацьбе з ворагам. У гады Вялікай Айчыннай тут быў разгорнуты шырокі партызанскі і падпольны рух. Кожнае лета ля кургана праходзяць памятныя сустрэчы ветэранаў і нашчадкаў Перамогі. Гэтай традыцыі ўжо шэсць дзесяцігоддзяў.