Новыя напрамкі ў паветранай прасторы

12 сентября 2016

Аэрапорт Жукоўскі, што ў Маскоўскай вобласці, сёння прыняў першых пасажыраў з беларускай сталіцы. "Боінг" на пасадачнай паласе сустракала сотня журналістаў. Бо для Жукоўскага гэта ўвогуле першы пасажырскі самалёт, які прызямліўся ў аэрапорце. Нацыянальны авіяперавозчык абяцае, што цана білета на новы напрамак будзе на ўзроўні лау-кост. Надзея Сербіненка сёння раніцай вылецела з першымі пасажырамі ў Жукоўскі і паспела прывезці рэпартаж.

Першы рэйс па абсалютна новым напрамку і адразу амаль 100-працэнтная запаўняльнасць пасажырамі. Нізкая цана – у параўнанні з некаторымі рэйсамі напалову меншая – гэта гарант запатрабаванасці. Нацыянальны авіяперавозчык абяцае захаваць кошт білета з Мінска да аэрапорта Жукоўскі Маскоўскай вобласці да 70 рублёў.

Пасажыраў першага рэйса на пасадачнай паласе сустракалі асабіста губернатар Маскоўскай вобласці і дырэктар аэрапорта. Памятны падарунак за першы набыты білет атрымала сям'я Капельчыкаў з Мінска.

Самалёт з Беларусі стаў першым пасажырскім, які прызямліўся ў Жукоўскім. Таму сустракаць брэндзіраваны боінг сабралася сотня расійскіх журналістаў.

Аэрапорт адкрыўся ўсяго некалькі месяцаў таму пасля маштабнай рэканструкцыі. Цяпер тут створана ўся неабходная транспартная і гандлёвая інфраструктура.

За некалькі гадоў Жукоўскі плануе скласці канкурэнцыю Дамадзедаву і Унукаву. Пастаянныя рэйсы ў Мінск застануцца ў прыярытэце.