Новае паштовае аддзяленне адкрылася ў Фрунзенскім раёне Мінска

10 июня 2015

Візіт на пошту стане больш хуткім і прыемным для жыхароў мікрараёна Сухарава-5. Сёння ўрачыста адкрылася новае паштовае аддзяленне пад нумарам 59. Якія тэхнічныя сродкі дазволяць аператыўна абслугоўваць кліентаў? Матэрыял Наталлі Тарасюк.

Электронная чарга ў новым паштовым аддзяленні ў Фрунзенскім раёне, якое сёння ўрачыста адчыніла свае дзверы, створана для большай зручнасці кліентаў і аператыўнасці іх абслугоўвання. Поўны спіс паслуг: у акенцах можна атрымаць пенсію, заплаціць за крэдыт ці аформіць падпіску. І разлічыцца можна як наяўнымі грашыма, так і праз плацёжны тэрмінал.

Аперацыя займае ў супрацоўніка пошты ўсяго некалькі хвілін - дапамагае спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Разам з квітанцыяй ці чэкам у дзень адкрыцця кожнаму кліенту падарунак. Многія людзі самастойна разлічваюцца за паслугі праз аплатна-даведачны тэрмінал, вядома, без дадатковых збораў.

Таццяна Гвоздзева, намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП «Белпошта»: "Для таго каб нашы кліенты пачуваліся камфортна пры аплаце праз тэрмінал, мы штомесяц праводзім акцыю "Бліжэй да кліента". Супрацоўнікі выязджаюць у аддзяленне паштовай сувязі і распавядаюць і навучаюць нашых спажыўцоў, як аператыўна аплаціць паслугі".

Зараз набыць паштовыя маркі ці канверты можна і ў інтэрнэт-магазіне Белпошты. Усе тавары толькі беларускай вытворчасці. У каталогу разам з паштовай прадукцыяй хутка з’явяцца і іншыя вырабы: адзенне, абутак і тэхніка.

Таццяна Таболіч, начальнік аддзела паштовай сувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі: "На сённяшні момант складзена больш за 124 дагаворы з беларускімі вытворцамі. Аплаціць можна наяўнымі з дастаўкай, гэтаксама можна аплаціць на месцы кур'еру, і аплату можна правесці праз тэрмінал".

Супрацоўнікі аддзялення гатовыя дапамагчы кліентам з панядзелка па пятніцу з 9 гадзін раніцы да 8 вечара. У суботу дзверы зачыняюцца крыху раней – у 18 гадзін. Нядзеля – выхадны. Дарэчы, усяго за два апошнія гады ў Фрунзенскім раёне з’явіліся чатыры паштовыя аддзяленні, а да канца 2015 плануецца адкрыць яшчэ адно.

Гэтае аддзяленне паштовай сувязі ў Фрунзенскім раёне будзе ўжо 21-м. І, паводле падлікаў спецыялістаў Белпошты, яно зможа абслугоўваць каля 33 000 жыхароў.