Новая дзіцячая паліклініка з'явіцца ў Жодзіне ў 2021 годзе

1 декабря 2020

Новы і значны аб'ект аховы здароўя Мінскай вобласці. У Жодзіне працягваецца будаўніцтва дзіцячай паліклінікі. Будынак, выкананы па індывідуальным праекце, размясціўся ў самым цэнтры горада машынабудаўнікоў і разлічаны на 300 наведванняў у змену. У чатырохпавярховай паліклініцы будуць кабінеты з самым сучасным абсталяваннем, у тым ліку стаматалогія, лабараторнае, фізіятэрапеўтычнае, а таксама дыягнастычнае аддзяленні. Аб'ект для Жодзіна сапраўды запатрабаваны, бо за апошнія пяць гадоў за кошт натуральнага прыросту насельніцтва горада вырасла больш чым на тысячу чалавек. Адкрыццё новай жодзінскай паліклінікі - у верасні наступнага года.

Уладзімір Цыёлта, галоўны ўрач Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы: "Вялікі блок зойме аддзяленне рэабілітацыі з басейнамі двух узроўняў для дзяцей рознага ўзросту. Гэта паліклініка, якая будзе з сучасным інфармацыйным абсталяваннем. Там будзе зроблена ўсё так, каб перайсці на рэйкі электроннай аховы здароўя з моманту адкрыцця гэтай паліклінікі".

Адзначым, што самім медыцынскім работнікам Жодзіна ў няпростых эпідэміялагічных умовах фінансава дапамагаюць як галіновыя прафсаюзы, так і прамыслоўцы горада. Толькі ў цэнтральнай гарадской бальніцы працуюць больш за тысячу медыкаў.


Вольга Падольская, загадчыца дыягнастычнага аддзялення Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы: "У нас была створана каса ўзаемадапамогі, куды ўсе першасныя прафсаюзныя арганізацыі горада пералічвалі 2 працэнты сваіх членскіх узносаў. Дзякуючы гэтай касе ўзаемадапамогі, былі закупленыя процічумныя касцюмы. Мы змаглі аказаць матдапамогу членам прафсаюзаў, якія перахварэлі на інфекцыяю COVID-19. 25 працаўнікам мы дапамаглі за кошт свайго фонду, а 49 працаўнікам дапамог рэспубліканскі камітэт у памеры 600 рублёў".

Не толькі медыкам, але і ўсім беларусам дапамагае і адно з найбуйнейшых швейных прадпрыемстваў краіны. На жодзінскім "Світанку" яшчэ вясной гэтага года сталі выпускаць марлевыя маскі і павязкі з трыкатажнай бавоўны.