Ноу-хау для звычайнай палкі

16 марта 2014
У сваім вынаходстве ён улічыў усе асаблівасці кісці рукі. Мінчанін Міхаіл Левітас прыдумаў эксклюзіўную ручку для звычайнай палкі. Сакрэт распрацоўкі ў індывідуальнасці: нават памер далоні для тых, хто мае патрэбу ў дадатковай апоры, мае значэнне. Дыяна Рэвяковасустрэлася з вынаходцам.

Другую групу інваліднасці ўрачы далі яму яшчэ 30 гадоў таму. Каб перасоўвацца было лягчэй, Міхаіл Левітас пераспрабаваў ужо некалькі дзясяткаў розных прыстасаванняў, але, як прызнаецца сам, карысці ад іх было мала.


Міхаіл Левітас, вынаходца: Гэта было вельмі нязручна. Яно пераціскае ў кісці нервовыя канчаткі. Я купляў розных відаў і ўрэшце рэшт прыйшоў да высновы, што зрабіць трэба самому.


І зрабіў. А дапамог яму стварыць новую найбольш зручную ручку для палкі адзін з беларускіх скульптараў. Яны разам зляпілі яе з гіпсу - улічылі ўсе выгіны і асаблівасці кісці чалавека.


Міхаіл Левітас, вынаходца: Яна цалкам адпавядае абрысам - ляжыць палец шчыльна. Не варушыцца ні ў якім выпадку. Гэта для правай рукі і такая ж ручка для левай.


Тое, што памер рук ва ўсіх людзей розны, распрацоўшчык таксама прадугледзеў. Формы для маленькіх, сярэдніх і вялікіх далоняў ужо гатовыя. А свой першы эксперыментальны варыянт Міхаіл Левітас яшчэ і пафарбаваў у ярка-малінавы колер - свайго роду фірмовы знак - усміхаецца вынаходца.
Прасцей, каб зручную палку можна было набыць у магазіне. Вынаходца ўпэўнены, што свайго пакупніка яна знойдзе не толькі ў Беларусі. Бо, паводле яго слоў, аналагічных у свеце няма.
Але магчымым гэта стане толькі ў тым выпадку, калі знойдзецца інвестар, які прафінансуе вытворчасць. Пакуль жа палка з ярка-малінавай ручкай фактычна эксклюзіў.