Нелегальна зарабіць на хакейным першынстве

17 мая 2014

Для некаторых гэта сродак нелегальна зарабіць. За межамі лядовых пляцовак і закона ўжо некалькі дзён застаюцца спекулянты. Тыя, хто загадзя выкупіў у касах квіткі, а зараз прадае іх утрая даражэй. Праваахоўнікі змагаюцца з такімі камерсантамі. На гэтым тыдні затрымалі двух такіх персанажаў. Адзін з іх мае расійскую прапіску, а ў Мінск прыехаў менавіта для таго, каб сарваць куш.


Наш карэспандэнт Дзмітрый Лукша пагаварыў з адным з такіх дзелавых людзей. І быў уражаны, хто стаіць за гэтым рамяством.


Напрыканцы верасня мінулага года спартыўны Мінск задыхаў іншым жыццём. Балельшчыкі і аматары хакея пачулі такую доўгачаканую навіну: у касах з'явіліся білеты на чэмпіянат свету. І пакуль адны стаялі ў чэргах у чаканні квітка на матч, другія таксама не марнавалі час і прабіралася да касавага акенца з адной толькі мэтай: выкупіць адразу некалькі квіткоў на некалькі матчаў.


Для перакупаў цяперашняе першынство - выдатная магчымасць забяспечыць сябе на найбліжэйшыя некалькі месяцаў. Бо палёт цаны ў такіх выпадках напрамую залежыць ад сквапнасці і амбіцый спекулянта.


Сваё рамяство гэты чалавек называе няйначай як высакароднай справай. Ён заўсёды застаецца ў цені свайго бізнесу, але не перастае ім кіраваць на пэўным узроўні. Нават на сустрэчу з нашай здымачнай групай ён згадзіўся на ўмовах ананімнасці. Такім чынам, назавем яго Рыгор. У пэўных кругах ён вядомы як Спікер - ад слова спекулянт. Сам ён родам з Расіі, у Беларусі жыве ўсяго 5 гадоў. Але змог у нейкі момант разглядзець, як ён палічыў, сваё месца працы.


Самае жахлівае ў справе Рыгора - гэта чалавечы фактар. Калі адзін з яго падначаленых пападаецца міліцыі, Грыша ні пры чым. Немалы штраф студэнту прыходзіцца выплачваць са сваёй кішэні. Дарэчы, пра пакаранне. Такую бяскрыўдную, як можа здацца, справу - перапродаж білетаў - Крымінальны кодэкс расцэньвае як незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Штраф - да сямі з паловай мільёнаў рублёў. З пачатку першынства ўжо двум жулікам давялося адчуць на сабе такія справядлівыя меры.


Аляксандр Ластоўскі, начальнік прэс-службы ГУУС Мінска: Быў затрыманы грамадзянін Расіі, жыхар Санкт-Пецярбурга, які хацеў прадаць за 100 долараў білет на матч Расія - Фінляндыя. Іншы, жыхар Баранавіч, хацеў прадаць 10 квіткоў з удзелам канадскай зборнай. Ён быў затрыманы, на яго складзены пратакол за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.


Здзіўляе, што ў гэтай справе няма нічога асабістага - толькі бізнес. Папаўся - адказвай. Сапсаваў рэпутацыю - думай, як з гэтым жыць. Выходзіць, гэтая камерцыя падобная на ваўчыную зграю: адзін аднаго называюць махлярамі і аферыстамі, а падножку калегу ўспрымаюць выключна як поспех.