Наколькі гатовая жылая інфраструктура Мінска да II Еўрагульняў

12 октября 2017

Падчас правядзення II Еўрапейскіх гульняў у Мінск прыедуць больш як 40 тысяч чалавек. Гэта афіцыйныя дэлегацыі, спартсмены, журналісты, балельшчыкі. Падчас размяшчэння гасцей задзейнічаюць усе гасцініцы сталіцы - іх каля 50. Некаторыя аб'екты для размяшчэння спартсменаў яшчэ на стадыі будаўніцтва. У гэтым спісе і 25-павярховы жылы корпус у Студэнцкай вёсцы. Ён разлічаны на 1800 чалавек. Яго абяцаюць здаць у наступным годзе. Наколькі гатовая жылая інфраструктура Мінска да Еўрагульняў? Надзея Сербіненка здзейсніла гасцінічны еўратур.

Топавых персон сусветнага спорту ў гасцініцы з сапраўды спаборніцкай назвай "Вікторыя Алімп" ужо прымалі. Праз два гады тут будзе жыць і судзейскі штаб II Еўрагульняў.

У чэрвені 2019-га ў Мінск прыедуць (і гэта паводле самых сціплых падлікаў) каля 40 тысяч замежнікаў. Гэта спартсмены, трэнерскі штаб, суддзі, прадстаўнікі дэлегацый краін-удзельнікаў, дыпламаты, рэпарцёры і, вядома, балельшчыкі. Падчас размяшчэння замежных гасцей будуць задзейнічаныя абсалютна ўсе гасцініцы Мінска - а іх каля 50.

Калі афіцыйныя дэлегацыі, журналісты, судзейскі штаб спыняюцца ў гасцініцах 4-5 зорак, то спартыўныя турысты менш патрабавальныя. І выбіраюць такія нумары - мы знаходзімся ў гасцініцы 2 зоркі. І як раз падчас Еўрагульняў тут чакаюць наплыву спартыўных балельшчыкаў.

Усе гасцініцы Мінска могуць змясціць каля 12 тысяч гасцей. І гэтага нумарнога фонду, зразумела, будзе недастаткова для размяшчэння ўсіх прыезджых. На падмогу прыйдуць хосталы, арэндныя кватэры, студэнцкія інтэрнаты, санаторыі і гасцініцы паблізу ад Мінска, у радыусе 50 кіламетраў. Дастаўка да месцаў спаборніцтваў будзе забяспечаная.

Ужо вядома, што спартсмены разам з трэнерамі будуць жыць у Студэнцкай вёсцы. Зараз на праспекце Дзяржынскага ідзе будаўніцтва будынка-рэкардсмена. Ён прэтэндуе на званне самага вялікага інтэрната краіны - на 25 паверхах размесцяцца 1800 чалавек. Першымі сюды заедуць удзельнікі Еўрагульняў, пасля завяршэння спартыўнага форуму інтэрнат заселяць нашы студэнты.

У выйгрышы пасля правядзення Еўрагульняў павінна застацца і турыстычная галіна. Жаданне ўбачыць любімых спартсменаў і пагрузіцца ў атмасферу гульняў паслужыць стымулам да знаёмства з Беларуссю як з краінай адкрытай і гасціннай.