Народны мемарыял адкрылі ў Калінкавічах

14 января 2016

Помнік увекавечыў імёны тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай. Сродкі збіралі землякі герояў, якія не вярнуліся з вайны - свой унёсак зрабілі больш за 10 тысяч гараджан і звыш 100 прадпрыемстваў і арганізацый. Праект бязвыплатна распрацавалі будучыя архітэктары, студэнты факультэта прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Беларускага ўніверсітэта транспарту. На гранітных стэлах зараз выбіта 450 прозвішчаў, але некалькі граняў пакінулі свабоднымі - пошукавая праца працягваецца.

Падрабязнасці ў рэпартажы Вольгі Халадовіч. Помнік у Калінкавічах ужо назвалі народным. Грошы на яго будаўніцтва збіралі самі людзі. Ініцыятарамі сталі Надзея і Лявонцій Балсуноўскія. Гавораць, не засталіся абыякавымі арганізацыі і прадпрыемствы раёна. 350 мільёнаў выдзелілі і з бюджэту вобласці, каб увекавечыць памяць землякоў.

Роўна 72 гады таму 14 студзеня 1944 года савецкія войскі падчас Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі вызвалілі райцэнтр, які быў важным пунктам нямецкай абароны. Страты нашай арміі склалі больш за 13 тысяч чалавек.

Свечкі, вянкі і кветкі. Героі з Калінкавіч вярнуліся дадому праз 72 гады. Іх родныя і блізкія не ўтойваюць эмоцый. Зараз ёсць куды прыйсці пакланіцца і ўбачыць на гранітных плітах родныя прозвішчы.

Тут у камені пазначаны ўсе месцы воінскіх пахаванняў у Калінкавіцкім раёне. Вершы мясцовага паэта і сотні прозвішчаў. Кожны радок на мемарыяле - вынік доўгай карпатлівай працы мясцовых жыхароў.

Пажар знішчыў архіў мясцовага ваенкамата. Спісы загінуўшых землякоў краязнаўцы збіралі некалькі гадоў. 450 прозвішчаў - гэта толькі пачатак. Свабодныя грані стэл для тых, каго яшчэ трэба будзе адшукаць.

Спецыяльна да гадавіны вызвалення ў мясцовым музеі адкрылі сцяну памяці. Тут фатаграфіі землякоў, якія не вярнуліся з вайны. Праца пакуль не завершана. Нават праз 72 гады пошукі герояў працягваюцца. У гады Вялікай Айчыннай кожны сёмы жыхар Калінкавіч не вярнуўся з фронту.