Фэйкі завуць зброяй XXI стагоддзя

17 марта 2019

Аднак фэйкі  не выдумка нашага часу, яны існавалі і раней. Першапачаткова гэта былі чуткі, потым яны клікаліся газетнымі вуткамі. І да шырокага распаўсюджвання Інтэрнэту часцей за ўсё не мелі якіх-небудзь значных наступстваў. Хоць у гісторыі былі прыклады, калі сфабрыкаваныя навіны служылі падставай для пачатку вайны. 

Так, у жніўні 1939 нацысцкая Германія правяла аперацыю "Кансервы", якая фактычна запусціла страшную Другую сусветную. Супрацоўнікі СС перапрануліся ў польскую форму і пракраліся на нямецкую радыёстанцыю ў горадзе Гляйвіц, каб перадаць у эфір антыфашысцкую заяву. Стварылі ілюзію бою: да будынка падвезлі забітых вязняў аднаго з канцлагераў. Паколькі зняволеныя на мове салдат і афіцэраў СС менаваліся "кансервамі", аперацыю так і назвалі. План правакацыі Варшавы атрымаўся. На наступны дзень Гітлер звярнуўся да нацыі з прамовай, у якой абвінаваціў Польшчу ў нападзе на нямецкі прымежны горад і аб'явіў ёй вайну. Так пачаўся самы крывавы канфлікт у гісторыі чалавецтва. 

Сёння фэйкі завуць зброяй XXI стагоддзя. Бо ступенню эфектыўнасці ў дасягненні палітычных мэт яны часам не саступаюць стратэгічным ракетам і баявым караблям. Хрэстаматыйны прыклад - прабірка з "парашком спор сібірскай язвы", якой трос на пасяджэнні ў ААН Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл. Тады гэта стала жалезным доказам віны прэзідэнта Ірака Садама Хусейна ў таемнай распрацоўцы хімічнай зброі і падставай для ўварвання ў гэтую краіну. Яна была разбураная,  Хусейн пакараны, а вось зброі так і не знайшлі. Затое высветлілася, што замест спор у прабірцы быў звычайны пральны парашок. І гэтай шклянцы атрымалася раскалыхаць увесь Блізкі Усход, а яшчэ спарадзіць "Ісламскую дзяржаву", якая помсціць дагэтуль за развязаную вайну гучнымі тэрактамі ў Парыжы, Бруселі, Лондане, Нью-Ёрку.

Падобны фэйкавы прыём ужылі ў Сірыі. На падставе відэа аб нібы хімічнай атацы ўрадавых войскаў, знятага арганізацыяй "Белыя каскі", прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у красавіку 2018 аддаў загад аб ракетным удары па гэтай краіне. Без санкцыі Савета Бяспекі ААН, з парушэннем Статуту ААН, а таксама норм і прынцыпаў міжнароднага права. Праз паўгода прадзюсар Бі-бі-сі Рыям Далаці прызнаў, што самі кадры, якія гэтак уразілі Трампа і ўсю сусветную супольнасць, - гэта фэйк. Ролік быў пастановачным, ніхто з сірыйцаў не памёр, а зарын не выкарыстоўваўся.

Дарэчы, заходнія СМІ неаднаразова пападаліся на стварэнні фэйкаў пра вайну ў Сірыі. Усім вядомая гісторыя дзяўчынкі Баны Алабед, якую часта цытавалі і спрабавалі нават ператварыць у сімвал абложанага горада. Яна распавядала ў "Твітэры" пра жыццё ў Алепа на ідэальнай англійскай мове. У адным з паведамленняў Бана нават адобрыла ўдар ЗША па тэрыторыі Сірыі. Ад яе імя ў мікраблогу размяшчалі да сотні публікацый на дзень - прычым з раёна, дзе не было электрычнасці і Інтэрнэту. Пазней турэцкія СМІ высветлілі, што яна наогул не гаворыць па-англійску.