Узнагароды атрымалі выбітныя медыкі сталічнага рэгіёна

17 июня 2016

Урачам Мінскай абласной клінічнай бальніцы сёння ўручылі падзякі за плённую і адданую працу. Яны запэўніваюць: галоўны стымул для медыка – здаровы і ўдзячны пацыент.

Пра тых, хто заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, - рэпартаж Антаніны Станкевіч. Стройная і прыгожая Ларыса Аляшкевіч зусім не падобная на свайго серыяльнага калегу – іранічнага і сур'ёзнага доктара Хауса. Аднак, як і кінагерой, радуецца, калі атрымліваецца паставіць правільны дыягназ і выратаваць жыццё чалавека. Дарэчы, гэта самае складанае і самае цікавае ў рабоце ўрача.

Заўсёды чулая і шчырая - толькі так можна дасягнуць значных поспехаў, упэўнена ўрач. Нездарма Ларыса Аляшкевіч прызнаная ўрачом года краіны ў намінацыі "Тэрапеўт".

Яго служба на першы погляд зусім незаўважная, але вельмі цяжкая. У прамым сэнсе гэтага слова. Спецыяльны фартух, а толькі ў такім адзенні можа працаваць урач-рэнтгенолаг, важыць 8 кілаграмаў. І гэта яшчэ лёгкая версія. Некалькі гадоў таму апранаць даводзілася 16-кілаграмовы. Практычна ніводная пастаноўка дыягназа не абыходзіцца без рэнтгенадаследаванняў.

Сёння ўзнагароды за плённую працу атрымліваюць лепшыя ўрачы Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Хоць галоўны ўрач прызнаецца, што ўвесь калектыў – а гэта амаль паўтары тысячы дактароў, медсясцёр і санітарак – сапраўдныя прафесіяналы.

І напярэдадні свайго прафесійнага свята ўрачы жадаюць адзін аднаму здароўя. Бо як ніхто іншыя ведаюць яму цану.