Пачалася новая эпоха ў гісторыі Беларускага тэлебачання

30 марта 2018

Сёння каналы Белтэлерадыёкампаніі перайшлі на вяшчанне ў фармаце HD. З раніцы мы транслюем у высокай выразнасці. Гэта дазваляе ў 5 разоў больш дэтальна перадаваць карцінку. Спецыялісты вырашылі тэхнічна складаныя задачы - адначасова запусцілі HD-вяшчанне шасці каналаў, што з'яўляецца свайго роду рэкордам не толькі для краіны, але і ў сусветнай медыяіндустрыі.

Зараз суадносіны бакоў экрана тэлевізара сталі 16 на 9. І карцінка павінна ісці без перашкод. Сёння ўначы ў цэнтральнай апаратнай на Макаёнка, 9 прайшла перакамутацыя абсталявання, а з праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!" пачалося вяшчанне ў HD.

Першымі новы фармат убачылі абаненты кабельных аператараў і IP-ТБ Мінска і Мінскай вобласці. А ўжо з лістапада HD можна лавіць па ўсёй краіне. Спецыялісты Белтэлерадыёкампаніі на працягу года правялі сур'ёзныя тэхнічныя работы. Праклалі больш за 20 кіламетраў кабеля і падключылі новае абсталяванне.