На стадыёне "Дынама" адбылося ўрачыстае адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў

22 июня 2019
На трыбуне - 22 тысячы балельшчыкаў, а ля экранаў - мільёны гледачоў з усіх кантынентаў. Напярэдадні на Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама" адбылося ўрачыстае адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў. Яго прамую трансляцыю вялі тэлеканалы "Беларусь 1", "Беларусь 5", а таксама сайт Белтэлерадыёкампаніі tvr.by. У маляўнічым канцэрце прынялі ўдзел паўтысячы артыстаў, а сярод гледачоў на трыбунах - кіраўнікі дзяржаў і кіраўнікі ўрадаў. Як адкрывалі 10-дзённы спартыўны марафон - у рэпартажы маёй калегі Іны Пілевіч.

Падтрымліваць сваіх любімых спартсменаў яны пачалі яшчэ за 4 гадзіны да пачатку цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Балельшчыкі з розных краін збіраліся на мінскім "Дынама", каб на свае вочы захаваць гістарычную падзею - старт кантынентальнага спартыўнага форуму. 

Стадыён "Дынама" - як эпіцэнтр II Еўрапейскіх гульняў. Каб віртуозна напоўніць чашу спартыўнага аб'екта музыкай і эмоцыямі, у арганізатараў пайшоў практычна год падрыхтоўкі. Стадыён "Дынама" пераабсталявалі ў канцэртную пляцоўку за 26 дзён. Тут было 300 тон абсталявання. Толькі светлавых прыбораў - 1000 адзінак. Сама ж галоўная пляцоўка вельмі нагадвае сімвал  II Еўрапейскіх гульняў - папараць-кветку. 8 экранаў распускаюцца падчас шоу, нібы пялёсткі.

Прыгожая легенда пра папараць-кветку ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Трохгадзіннае шоу - як кароткі гід па гісторыі і духоўных традыцыях нашай краіны для замежных гледачоў. А яны сачылі за цырымоніяй у 140 краінах на ўсіх кантынентах. 

У цырымоніі знайшлі адлюстраванне не толькі народнае свята Купалле, але і абрад "Дажынкі", народны танец "Лявоніха". Генеральным прадзюсарам цырымоніі выступіў тытулаваны расійскі кампазітар Ігар Крутой.

Дарэчы, прэзентавалі нашу культуру з новага боку з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. На экранах тэлевізараў, а таксама сваіх тэлефонаў гледачоў чакаў палёт фантазіі. Так, над "Дынама" праляталі буслы і прабягаў статак прывідных зубраў.

А гэта самая масавая сцэна шоу - парад спартсменаў. Гледачы вітаюць больш як 4000 атлетаў. Кожная з 50 краін-удзельніц прэзентуе сябе ў алфавітным парадку. Завяршае парад краіна-гаспадыня - Беларусь. Флаг нашай краіны даручылі несці Уладзіміру Самсонаву. 

Адкрывалі II Еўрапейскія гульні паўтысячы артыстаў. У большасці - беларускія выканаўцы. Музычнае суправаджэнне цырымоніі - ад Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Хэдлайнерамі сталі зоркі сусветнай сцэны. На "Дынама" гучалі ўладальнік азіяцкай "Грэмі" Дымаш Кудайбергенаў, а таксама народная артыстка Расіі Ганна Нятрэбка са сваім мужам, драматычным тэнарам Юсіфам Эйвазавым. 

А гісторыя гэтых спаборніцтваў толькі пачынаецца! Быць ля вытокаў стварэння Еўрапейскіх гульняў - гонар для Беларусі. Аб гэтым гаварыў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад гледачамі, удзельнікамі і шматмільённай аўдыторыяй ля тэлевізараў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падобны спартыўны форум - грандыёзны праект, які збірае пад адным дахам лепшых спартсменаў Еўропы. Для атлетаў гэта магчымасць заявіць аб сабе і пазнаць сапраўдную Беларусь і яе людзей. 

Цырымонія з гарачым фіналам. Кульмінацыяй шоу стала завяршэнне эстафеты "Полымя міру". Агонь спартыўных сэрцаў дастаўлялі ў Мінск з Рыма 4 з паловай сотні факеланосцаў. Палаючы сімвал форуму прарабіў шлях у 7 тысяч 700 кіламетраў. Фінальныя метры на стадыёне "Дынама" даручылі сямёрцы знакамітых беларускіх спартсменаў. Сярод іх - Домрачава, Мірны, Несцярэнка. Чаша стадыёна "Дынама" запалілася другі раз у гісторыі. 

Наперадзе - 9 гарачых, як агонь II Еўрапейскіх гульняў, спаборніцкіх дзён. На розных пляцоўках спартсмены разыграюць 199 медалёў у 15 відах спорту.