На Радаўніцу без спецыяльнага пропуску дазволена наведваць зоны адчужэння

25 апреля 2017

Радаўніца - гэта і яшчэ дзень, калі без спецыяльнага пропуску дазволена наведваць зоны адчужэння, адселеныя пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС пасёлкі. Вядома, назваць іх такімі ўжо складана - амаль усе яны пахаваныя. Цяжка ўжо вызначыць, дзе праходзілі вуліцы, стаялі хаты. Толькі не для тых, хто праз дзесяцігоддзі вяртаецца сюды, хай і на некалькі гадзін, каб успомніць блізкіх і сваю малую радзіму. З Чэрыкаўскага раёна рэпартаж Андрэя Ястрабава.

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў, якія трапілі ў зону адчужэння, распавядае Сяргей Анціпенка, кіраўнік Вепрынскага сельскага выканкама, пачынаецца яшчэ задоўга да Радаўніцы. Часам на старэнькім "жыгулёнку" даводзіцца і да тысячы кіламетраў намотваць. Гаворыць, хоць і адчужаная тэрыторыя, але не кінутая.

Сяргей Анціпенка, старшыня Вепрынскага сельскага савета дэпутатаў: "Працы вельмі шмат да гэтага свята - Радаўніцы - па прыбіранні цывільных могілак. Дзесьці падрамантаваць агароджу, спілаваць аварыйныя дрэвы. Усяго на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 29 цывільных могілак".

25 з іх - у зоне адсялення, куды сёння допуск дазволены без спецыяльнага дакумента. На Радаўніцу па традыцыі адкрываюцца шлагбаумы.

Для Наталлі Макеевай зноў ёсць магчымасць наведаць свае родныя Чудзяны - пасёлак, з якога разам з бацькамі была пераселена ў 89-м. Гаворыць, цяжка ўявіць, што калісьці тут кіпела жыццё - пачатковая школа, клуб, 137 сем'яў-суседзяў. Зараз тут пустэча. Але для тых, хто жыў у гэтай вёсцы, - малая радзіма, якая не забытая.

Сельскія могілкі на Радаўніцу - гэта яшчэ і месца сустрэчы аднавяскоўцаў. Хвалююцца, гавораць, калі хтосьці не прыехаў. Жылі калісьці ў вёсцы як адна сям'я. І радуюцца кожнай новай сустрэчы.

Гэтымі днямі на адчужаную тэрыторыю быццам зноў вяртаецца жыццё. Ля камянёў - помнікаў знесеным вёскам - заўсёды кветкі. Прычым, самі ж падарожнікі кладуць, запальваюць лампадкі. А вось хтосьці на дрэве, што вырасла, мабыць, на месцы бацькоўскага дома, таблічку з прозвішчам прымацаваў. На памяць.

Шматлікіх паселішчаў ужо няма на карце. Іх не знайсці і па навігатары. Памяць пра іх - толькі ў абеліску пахаваным вёскам, што ў цэнтры Чэрыкава. Тут у граніце выбіты назвы ўсіх 25 ужо неіснуючых пасёлкаў.

Заўтра - у гадавіну чарнобыльскай трагедыі - тут зноў пройдзе мітынг-рэквіем, лягуць кветкі ад улад і простых жыхароў. Будуць гаварыць пра страшную бяду, якая 31 год таму накрыла паўднёвы ўсход Беларусі, дзе на здзіўленне жыццё працягваецца. Дзе, напэўна, як нідзе, паняцце малой радзімы і таго ж бацькоўскага дома гучыць з асаблівым пачуццём.