На свята Перамогі ў Гомелі сабраліся тысячы людзей

9 мая 2019

Адсвяткаваць знамянальны дзень у гісторыі Беларусі сабраліся і тысячы людзей у Гомелі. Там святочная праграма пачалася з самай раніцы - пра яе акцэнты раскажа Ганна Кавалёва.

Святочны марафон у Гомелі працягваецца і зараз. Але самай яркай падзеяй дня стала ўрачыстае шэсце па галоўнай вуліцы горада. Гэтай традыцыі ўжо прыкладна паўстагоддзя. Кожны год яна збірае ўсё больш людзей. Сёння ў святочнай калоне прайшлі 25 тысяч чалавек.

Сярод іх ветэраны, спартсмены, творчая моладзь і працоўныя калектывы. Святочнае мерапрыемства прайшло пад дэвізам "Беларусь памятае". Удзельнікі аднайменнай акцыі пранеслі ў калоне партрэты сваіх родных і блізкіх, тых, хто цаной жыцця каваў Перамогу.

Кульмінацыйным пунктам стала пляцоўка ля Вечнага агню і братэрскага пахавання савецкіх салдат. У гонар герояў Перамогі тут кветкі, хвіліна маўчання і грукат гарматных залпаў. Выставы, канцэрты і паказы ваенных фільмаў. А каля найбуйнейшага кінатэатра Гомеля - палявая кухня. Усіх ахвочых частавалі сапраўднай салдацкай кашай. Сёння для гамяльчан - больш за 20 святочных пляцовак, дзясяткі фотазон. Але ўсе, вядома, чакаюць самы яркі момант Дня Перамогі - урачысты салют.