На нізкія зарплаты паскардзіліся жыхары Давід-Гарадка ў Адміністрацыю Прэзідэнта

16 января 2020

Выязны прыём грамадзян у Давід-Гарадку


На нізкія зарплаты паскардзіліся жыхары Давід-Гарадка  ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Пад зваротам сабралі 259 подпісаў - усё гэта працаўнікі мясцовага электрамеханічнага завода.

Ацаніць сітуацыю на месцы прыехаў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Брэсцкай вобласці. Ён наведаў цэхі завода і пагутарыў з супрацоўнікамі. На электрамеханічным заводзе выпускаюць дэталі для бытавой тэхнікі. Прадукцыя дрэнна запатрабаваная: рэнтабельнасць некаторых тавараў усяго 5 %. Зараз на заводзе працуюць каля трохсот чалавек. Сярэдняя зарплата - 380 рублёў. Гэта самы нізкі ўзровень у раёне. На сустрэчы прысутнічалі і прадстаўнікі мясцовых улад. У якасці выхаду з няпростай фінансавай сітуацыі прапанавалі знайсці новыя рынкі збыту і мадэрнізаваць вытворчасць.

Вырашыць пытанне з зарплатай працаўнікоў дырэктару даручылі да мая. Памочнік Прэзідэнта пагутарыў і з іншымі жыхарамі горада. Выязны прыём прайшоў у парадку жывой чаргі  без папярэдняга запісу.