На Мінск сёння раніцай апусціўся смог

29 октября 2014

На Мінск сёння раніцай апусціўся смог, прыкладна такая ж сітуацыя назіралася і ў шматлікіх рэгіёнах. Сіноптыкі супакойваюць - густы туман утварыўся з-за рэдкай прыроднай з'явы, а ў МНС дадаюць, што буйных пажараў за апошнія суткі ў краіне не зарэгістравана. Тым не менш сёння, мабыць, кожны, хто раніцай адправіўся на працу, адчуваў прыкры пах дыму. Чаму сёння беларуская сталіца хай і ненадоўга, але стала падобнай на Пекін, ведае Ксенія Рабчынская.


З раніцы жарты пра вожыка ў тумане на сайтах з даменам BY імкліва набіралі папулярнасць. На горад апусціўся густы смог. Сіноптыкі супакоілі - анамаліі ў гэтым тумане няма, уся справа ў антыцыклоне, які кіруе надвор'ем над Еўропай.


Дзмітрый Рабаў, начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра: Шмат фактараў, якія складваюцца для смогу: антыцыклон, рэзкія перапады тэмператур. Ноччу слаба адмоўная, днём слаба дадатная, гэта слабы вецер, гэта доўгі час адсутнасць ападкаў.


Тлумачыцца фізіка прыроднай з'явы, якая называецца інверсія, проста. Нагрэтае за дзень паветра паднімаецца ўверх, а бліжэй да зямлі тэмпература ноччу мінусавая. Як вынік - ствараецца бар'ер, пыл і выкіды ад аўтамабіляў, заводаў і пячных труб прыватных дамоў паднімаюцца ў атмасферу, там застаюцца і назапашваюцца.


Аляксандр Баравікоў, старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: Увесь горад з'яўляецца востравам цяпла, тэмпература вышэйшая на два градусы чым у прыгарадзе. І ў гэты перыяд інверсіі, неспрыяльных метэаўмоў, халодныя масы паветра не ідуць туды, а ідуць па гарызанталі з прыгарада да нас у горад, сцякаюцца.


Сцякаўся сёння ў Мінск і дым ад гарэння тарфянікаў недалёка ад сталіцы. Ратавальнікі выявілі некалькі дробных ачагоў пажару - сітуацыя пад кантролем і пры звычайным абмене паветраных патокаў, сцвярджаюць у МНС, ніхто ў горадзе паху не адчуў бы.


Віталь Навіцкі, прэс-сакратар МНС Беларусі: Каб не ўскладняць і без таго няпростае метэаралагічнае становішча, у краіне ўзмоцнена вядзецца авіяцыйны, наземны і касмічны маніторынг сітуацыі з ляснымі і тарфянымі пажарамі. За мінулыя суткі ў краіне зарэгістравана больш за 20 пажараў у прыродных экасістэмах. Практычна ўсе яны былі аператыўна лакалізаваны і ліквідаваны.


Нягледзячы на ўзмоцненую працу ратавальнікаў, смог сёння апусціўся і на некаторыя абласныя цэнтры. Напрыклад, Віцебск таксама патануў у густым тумане з пахам дыму. Да абеду ён, як і ў сталіцы, практычна растаў ў атмасферы. Паводле аператыўнай інфармацыі, на пагаршэнне здароўя з-за інверсіі ніхто з беларусаў не скардзіўся. Але тым, хто любіць, напрыклад, ранішнія прабежкі, ад спорту лепш да абеду адмовіцца, а грудным дзецям разам з маці паспаць даўжэй і выйсці на прагулку, калі смог рассеецца, раяць медыкі.


Віталь Грузер, выконваючы абавязкі намесніка галоўнага ўрача Мінскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі: Непажадана адчыняць вокны для таго, каб менш гэта пранікала ў кватэры. Праз некалькі гадзін усё гэта сыходзіць і можна праветрываць. Пацыентам, якія маюць бронхалёгачныя захворванні, рэкамендуецца проста строга выконваць тыя прызначэнні, звычайныя прызначэнні, якія ім прапісаў іх лечачы ўрач.


Ніякіх пабочных эфектаў у чалавека з нармальным здароўем смог выклікаць не павінен - узровень забруджвальных атмасферу рэчываў пастаянна кантралююць аўтаматычныя станцыі па ўсёй Беларусі. Сёння раніцай лічба ўтрымання газаў у паветры была трохі вышэйшай, чым звычайна, але ў межах нормы, а ўжо да абеду апусцілася да звыклай адзнакі. Калі вы не паспелі сфатаграфаваць Мінск у выяве Пекіна, то, мабыць, у вас у найбліжэйшы час яшчэ будзе такі шанц.


Сіноптыкі супакойваюць: інверсія для Беларусі з'ява ў прынцыпе ўнікальная, асабліва для канца кастрычніка. Але ў той жа час папярэджваюць, у найбліжэйшыя дні, калі надвор'е не зменіцца, краявід за вашым акном раніцай зноў можа аказацца прыкладна такім жа.