На дарогах Беларусі складаныя ўмовы і рост колькасці аварый

28 марта 2023

Аранжавы ўзровень небяспекі, снегапад і складаныя дарожныя ўмовы. Наступствы снежнай стыхіі сёння адчулі вадзіцелі і пешаходы як у беларускай сталіцы, так і Мінскай вобласці. Сакавіцкая завіруха пачалася ноччу і мяце нон-стоп. Максімальная колькасць ападкаў выпала ў некалькіх раёнах Мінскай вобласці - найперш у Мар'інай Горцы і Слуцку. У сувязі са складанымі дарожнымі ўмовамі ў Мінску ўведзены план "Надвор'е". Снежная бура прывяла і да павелічэння колькасці аварый на дарогах.

Так, у Валожынскім раёне на трасе Мінск - Ашмяны пасажырскі аўтобус апынуўся ў кювеце. Папярэдне, ён сутыкнуўся са снегаўборачнай машынай. Акрамя вадзіцеля ў салоне знаходзіліся 42 пасажыры. Ніхто з іх не пацярпеў. На месца здарэння аператыўна прыбылі ратавальнікі, яны дапамаглі пасажырам выбрацца з салона праз акно.

Яшчэ адзін аўтамабіль сёння апынуўся у кювеце - толькі ўжо на МКАД. Як стала вядома, вадзіцель "мерседэса" не справіўся з кіраваннем і выехаў за межы праезнай часткі. У ДТЗ пацярпелых няма. У салоне аўтамабіля знаходзіўся толькі вадзіцель.

На іншым участку кальцавой дарогі яшчэ адна аварыя прывяла да затору дарожнага руху. Паводле папярэдняй інфармацыі, вадзіцель легкавіка не ўлічыла ўмовы надвор'я, у выніку аўтамабіль апынуўся па-за праезнай часткай і перакуліўся. У ДТЗ, на шчасце, таксама ніхто не траўміраваны.