На беразе Нарачы цвіце больш за 300 лекавых раслін

27 июня 2018

Карысць побач! Лаванда, календула, мята - на палях Мінскай вобласці ў самым разгары цвіценне лекавых раслін. Разабрацца з тым, якія пялёсткі і сцяблінкі нясуць карысць для здароўя, можна падчас экскурсій па аптэкарскім садзе. На беразе Нарачы больш за 300 суквеццяў.

Па духмяных алеях прайшлася і сабрала рэцэпты карысных напояў Наталля Кезік.

Вольга Міхновіч ведае ўсе капрызы гінкга білаба і сакрэты цвіцення цеплалюбівай лаванды. Галоўным садаводам у аптэкарскім садзе працуе два гады. І кожны працоўны дзень незалежна ад сезона пачынаецца з агляду лекавых раслін - плошча агарода паўтара гектара.

Мускатная, цытрусавая, духмяная. У аптэкарскім садзе толькі звычайнай мяты расце 17 відаў. Усяго ж тут можна адчуць водар 300 лекавых раслін з усіх кантынентаў. На нарачанскім беразе турысцка-экскурсійны комплекс з'явіўся чатыры гады таму. І сёння па духмяных алеях госці гуляюць кожны дзень.

Традыцыя праводзіць урокі па зялёных навуках у падобных садах захавалася з Сярэднявечча. У тыя часы свае квітнеючыя плантацыі высаджвалі пры ўніверсітэтах, шпіталях і манастырах. Цяпер жа для дзяцей тут арганізоўваюць квесты, расказваюць легенды і казкі пра зёлкі.

Усе сакрэты фітатэрапіі можна даведацца ў бабулі-траўніцы. Тут у хатцы наведвальнікам яна раскрые сакрэты прыгатавання карыснага травянога чаю, дапаможа сплесці фітавянок альбо нават распавядзе гісторыю ўзнікнення навукі.

Хутка на падвор'і бабулі-траўніцы з'явіцца і летняя тэраса - майстар-класы пераедуць на свежае паветра. Ёсць у аптэкарскім садзе і фітакафэ. Тут для гасцей на выбар травяныя зборы і лекавы чай з незабыўным водарам і смакам. Усе зборы - уласны ўраджай.

Увесь ураджай у аптэкарскім садзе спачатку збіраюць, потым высушваюць. З лекавых пялёсткаў атрымліваюцца карысныя травяныя зборы. Прадэгуставаць чай з новага ўраджаю можна будзе на традыцыйным свяце "Дзіўныя травы". Ён пройдзе ў аптэкарскім садзе праз некалькі тыдняў.